Пра хайп вакол майкі хакеіста



Хайп перадусім. Ані дня без скандала. І тады наконт трафіка можна не пераймацца. Нават калі скандал з пальца высмактаны. Адно беларускае выданне вырашыла павялічыць колькасць наведнікаў сайта традыцыйным спосабам. Знайшлі, значыцца, у інстаграме фотаздымак хакеіста Сяргея Касціцына, на якім загарэлы спартовец у кароткіх шортах дэфілюе з сям’ёй на фоне басейна. Усё б нічога, але англамоўны надпіс на майцы яго гэтым разам падвёў. На саколцы было напісана: “Vodka made me better”. У адвольным перакладзе гэта азначае: “Гарэлка зрабіла мяне лепшым”. І гэтае фота трапіла на вочы беларускім чытачам. І тут панеслася. Тыповы каментар на гэтую тэму: “Ён такі ўвесь паспяховы за нашыя грошы”. Хваля абурэння, відаць, амаль дасягнула маштабу цунамі. Прынамсі, той фотаздымак у інстаграме быў прыбраны. Нехта, праўда, спрабаваў заступіцца за хлопца, казаў, што гэта ў яго такі гумар няякасны. Маўляў, што вы ад чалавека з клюшкай хочаце. А хтосьці заўважыў, што Касціцын, напэўна, проста не разумее, што напісана ў яго на майцы. Апошняе меркаванне трэба ўсё-такі адкінуць, паколькі пік ягонай спартовай кар’еры – легіянерства ў НХЛ. А там без базавага ўзроўню ангельскай яму было б складана. Значыць, усё-такі гумар.

Скандал вакол майкі гадаванца наваполацкай спартовай школы Касціцына быў прадказальным пасля правалу беларускай хакейнай зборнай на апошнім чэмпіянаце свету па хакеі. Толькі ініцыятары хайпу сарамліва забыліся дадаць, што Касціцын да вынікаў гульні беларускай хакейнай дружыны ў Даніі дачынення не мае. У прынцыпе, і да беларускага хакея таксама, бо з 2014 года носіць у кішэні расейскі пашпарт. А якая нам справа да расейскай гарэлкі і яе аматараў?

Беларускае Радыё РАЦЫЯ