Пра Крым як кропку незвароту



Да сярэдзіны 2021 году кіраўніцтва Беларусі паспяхова ўнікала ад таго, каб даць адназначны адказ на прынцыповае пытанне “Чый Крым?” Некалькі гадоў пасля так званага рэферэндума, у выніку якога Расея далучыла частку ўкраінскай тэрыторыі, афіцыйны Менск абыходзіўся хітраватай формулай “дэ-факта Крым расейскі, а дэ-юрэ украінскі”. Такая пазіцыя дазваляла пэўны час пазбягаць уцягвання Беларусі ў сферу кантроля Крамля і не псавала адносіны з Украінай.

Адказ на прынцыповае пытанне “Чый Крым?” мог істотна абмежаваць перамоўныя магчымасці Менску з Захадам і панізіць статус суверэннай дзяржавы да адміністрацыйнага казуса кшталту Прыднястроўя. Такі паварот падзей для ўлады Беларусі да 2020 года быў не пажаданы, паколькі б паставіў тлусты крыж на так званай шматвектарнай знешняй палітыцы. Але пасля інцыдэнту з прымусовай пасадкай летака Ryanair 23 траўня 2021 года надзеі на нармалізацыю адносін Беларусі з Захадам былі пахаваныя. Сутыкнуўшыся з рэзкай рэакцыяй краін-суседзяў, у тым ліку Украіны, Беларусь пайшла на абвастрэнне міждзяржаўных адносін. І вось тады ўпершыню з 2014 года кіраўніцтва Беларусі дала ясна зразумець Украіне, што не будзе вагацца з прызнаннем анексаванага Крыма расейскай тэрыторыяй у выпадку ўвядзення санкцый у дачыненні да беларускай дзяржавы. У якасці пробнага каменю была запушчаная тэма з запускам рэйсаў нацыянальнага авіяперавозчыка “Белавія” ў анексаваны Крым. Хоць гэтая пагроза не знайшла рэалізацыі, аднак прымусіла панервавацца Кіеў.

Паралельна з падпісаннем 28 саюзных праграм, што адбылася 4 лістапада гэтага году, беларускі бок зрабіў чарговы крок у напрамку прызнання Крыма расейскай тэрыторыяй. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў, прафесійны дыпламат Андрэй Савіных заявіў у эфіры аднаго адыёзнага расейскага журналіста, што, маўляў, “Беларусь даўно лічыць Крым тэрыторыяй Расеі, проста гэта не было фармалізавана для расейскай медыйнай прасторы”. Заява старшыні Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Андрэя Савіных выклікала буру эмоцый ва Украіне, але ў юрыдычным плане з’яўляецца малазначнай. Пра гэта, зрэшты, не прамінуў заявіць прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна Дзмітрый Пяскоў, які зазначыў, што знешняя палітыка – гэта прэрагатыва прэзідэнта, а не парламента. Такім чынам, расейскі палітык паказаў, што Крэмль чакае ад Менска прызнання Крыма на найвышэйшым узроўні. Развіваючы гэтую тэму, фактычна паўтарыў тэзісы Савіных і шэф беларускага МЗС Уладзімір Макей. “Мы разумеем у рэальнасці, што Крым з’яўляецца цяпер расейскай тэрыторыяй”, – выказаўся дыпламат. Нягледзячы на міністарскі ранг выступоўца, гэтыя словы не з’яўляюцца кропкай незвароту, паколькі яны таксама не раўназначныя юрыдычнаму прызнанню Крыма часткай РФ. Адсюль вынікае, што на гэты момант улада Беларусі пакідае для сябе магчымасць для таго, каб не паліць масты з Украінай канчаткова. І гэта абумоўлена не столькі разуменнем каштоўнасці незалежнасці і суверэнітэту суседняй краіны, колькі ўласнымі прагматычнымі мэтамі. Справа ў тым, што ад разрыву адносін і ўзаемнага гандлёвага эмбарга пацерпіць у асноўным Беларусь, для якой Украіна з’яўляецца другім па велічыні рынкам пасля Расеі. Больш за тое, забарона на пастаўкі нафтапрадуктаў ва Украіну, хоць і створыць вялікія праблемы ўкраінскім спажыўцам, але, у першую чаргу, знішчыць уласную нафтавую прамысловасць. Улічваючы, што прызнанне Крыма расейскім дэ-юрэ прывядзе да поўнага разрыву дачыненняў з Украінай, а ніхто, нават Расея не кампенсуе фінансавых стратаў такога дзеяння, можна прагназаваць, што на гэтым этапе Аляксандр Лукашэнка не пойдзе на гэты крок. Але пазіцыя можа быць перагледжаная ў выпадку выхаду міграцыйнага крызісу на беларуска-польскай мяжы з-пад кантролю, калі эканамічныя інтарэсы будуць падпарадкаваныя іншай логіцы.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ