Пра крызіс у СААЗ на фоне пандэміі каронавірусу



Сусветная арганізацыя аховы здароўя – у цэнтры скандалаў. Увага СМІ ў дачыненні да гэтай бюракратычнай і паўжывой структуры ў звычайны час была мінімальнай. Аднак адначасова, з момантам абвяшчэння пандэміі каронавірусу, роля СААЗ узрасла, чаго нельга сказаць пра аўтарытэт арганізацыі. Адваяваць страчаныя пазіцыі гэтая арганізацыя можа толькі вынікамі сваёй працы ў бліжэйшыя год-паўтара, якія, відавочна, пройдуць у свеце пад знакам змагання з covid-19.

Варта сказаць, што крытыка СААЗ з боку палітыкаў і СМІ абумоўленая шмат у чым дзейнасцю супярэчлівай постаці, якая ўзначаліла гэтую арганізацыю ў 2017 годзе. Гаворка ідзе пра экс-міністра замежных справаў Эфіопіі Тэдраса Гэбрэісуса. З біяграфіі дадзенага чыноўніка вынікае, што ён мае ўскоснае дачыненне да медычнай практыкі (з’яўляецца біёлагам паводле адукацыі) і праяўляе сімпатыі да камуністычнай ідэалогіі. Апроч гэтага, падчас працы ва ўрадзе Эфіопіі ў 2000-х гадах Гэбрэісус прыхоўваў факты эпідэміі халеры ў ягонай краіне. З апошняга – павольная рэакцыя на распаўсюд інфекцыі каронавірусу і панегірыкі ў бок кампартыі Кітая за надзвычайныя меры ў пераадоленні эпідэміі. Гэтых фактаў хапіла для таго, каб ягоныя апаненты запусцілі на электроннай платформе change.org петыцыю за адстаўку генеральнага дырэктара СААЗ. Па стане на сёння анлайн-петыцыя набрала ўжо амаль 1 мільён падпісантаў з усяго свету. Такое стаўленне інтэрнэт-юзераў паказвае, што СААЗ сапраўды патрабуе рэфармавання, калі, канешне, гэтая арганізацыя плануе існаваць у агляднай будучыні.

Дроваў у вогнішча скандалаў вакол СААЗ падкінуў Дональд Трамп. Ён у аднабаковым парадку заявіў пра спыненне фінансавання СААЗ з боку ЗША. У гэтым рашэнні, зрэшты, няма нічога спантаннага. Дональд Трамп метадычна вырашае свае бягучыя палітычныя задачы, карыстаючыся момантам. У дадзеным выпадку бачная паслядоўнасць рашэнняў, абгрунтаваных амерыканацэнтрысцкім светапоглядам. Прэзідэнт ЗША за сваю кадэнцыю спрабуе абмежаваць удзел ягонай краіны ў розных наднацыянальных структурах, імкнецца мінімізаваць фінансаванне планетарных ініцыятываў. Каб не ягоныя дарадцы і Дзярждэп, Дональд Трамп даўно скасаваў бы большасць дамоваў нават з бліжэйшымі саюзнікамі, не кажучы ўжо пра незразумелую яму структуру СААЗ. Дарэчы, бюджэт гэтай арганізацыі наўпрост залежыць ад амерыканскіх уліванняў. Каля 5-й часткі сродкаў СААЗ – амерыканскага паходжання. Гэта складае прыблізна 400-500 мільёнаў долараў ЗША штогод. Такім чынам, адмова ад фінансавання СААЗ з боку ЗША атрымае гарачае ўхваленне амерыканскага грамадства, якое і без таго ў большасці сваёй падтрымлівае палітыку Дональда Трампа. Апроч гэтага, абвінавачанні Трампа ў бок СААЗ, якая нібыта прыхоўвала дадзеныя пра маштаб пандэміі і заігрывае з Кітаем, граюць яму на руку ў тым сэнсе, што ён сам, відавочна, прыняў запозненыя рашэнні па супрацьстаянні распаўсюду каронавірусу.

Нягледзячы на ўнутраныя праблемы ў СААЗ, пазіцыя ЗША як адной з вядучых дзяржаваў свету, выглядае вельмі эгаістычнай. Многія бедныя краіны планеты не маюць магчымасці супрацьстаяць пандэміі. У гэтым сэнсе скарачэнне фінансавання ў такі крытычны перыяд можа адыграць трагічную ролю ў плане наступстваў на глабальным узроўні. І, вядома, ухіленне ад фінансавання СААЗ з боку ЗША не дадасць аўтарытэта гэтай дзяржаве на міжнародным узроўні.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ