Пра ліквідацыю БХК



Вярхоўны суд ліквідаваў Беларускі Хельсінкскі Камітэт. Гэта адна з найстарэйшых праваабарончых арганізацый краіны, якая была заснаваная ў 1995 годзе пры ўдзеле Святланы Алексіевіч, Генадзя Бураўкіна, Васіля Быкава і іншых вядомых беларусаў. Прадстаўнікі арганізацыі ў афіцыйным прэс-рэлізе заўважаюць, што нягледзячы на адсутнасць рэгістрацыі, яны працягнуць дзейнасць на карысць правоў чалавека.

Закрыццё БХК – гэта абсалютна прадказальная сітуацыя з пункту гледжання таго, што легальная дзейнасць праваабаронцаў у краіне, якая са жніўня 2020 года знаходзіцца ў стане перманентнага прававога дэфолту, немагчымая. Аднак усё роўна з закрыццём БХК, можна сказаць, сканчваецца этап у гісторыі беларускага праваабарончага руху, калі рэжым дазваляў дзейнічаць некаторым праваабарончым аб’яднанням афіцыйна, каб была магчымасць імітаваць дэмакратыю ў вачах Захаду. Маўляў, якая ж у нас дыктатура, калі афіцыйна дзейнічаюць БХК, БАЖ і дзясятак меншых структур?!

Да падзей 2020 года беларуская праваабарончая супольнасць, хоць і мела аднолькавыя мэты, падзялалася на дзве вялікія групы. Першыя дзейнічалі ў прававым полі, спрабавалі ўплываць на дзяржаву праз афіцыйныя каналы. У перыяды “адлігі”, якая звычайна здаралася ў міжвыбарны перыяд, чыноўнікі з некаторых міністэрстваў нават удзельнічалі ў супольных круглых сталах з зарэгістраванымі праваабаронцамі, ліставаліся па пытаннях удасканалення заканадаўства ў той ці іншай сферах. Іншыя, кшталту ПЦ “Вясна”, працавалі без рэгістрацыі. Незарэгістраваныя праваабаронцы баранілі грамадзянскія і палітычныя правы беларусаў, дапамагалі ахвярам палітычных рэпрэсій, за што сістэмна траплялі пад пераслед. Але ўсё змянілася пасля так званых выбараў прэзідэнта ў 2020 годзе, калі ва ўлады адпала патрэба імітаваць гатовасць дыялогу з Захадам і ўвогуле рабіць выгляд цывілізаванай краіны. Гэта значыць, патрэба ў імітацыі дэмакратыі ў рэжыма знікла цалкам. Да таго ж, кіраўніцтва краіны ў надзвычайнай палітычнай мабілізацыі насельніцтва, якая назіралася ў 2020 годзе, вінаваціць традыцыйна апазіцыю і сектар НДА. У такім кантэксце закрыццё БХК, хоць і знакавая, але прагназаваная падзея. Асабліва калі ўлічыць увесь той жах, які адбываецца з правамі чалавека ў Беларусі ў апошні год.

Нельга сказаць, што закрыццё БХК – гэта элемент спецаперацыі супраць праваабаронцаў. Арганізацыя трапіла пад пераслед у шэрагу соцень іншых актыўных структур грамадзянскай супольнасці Беларусі, якія ўлады лічаць сваімі ідэйнымі апанентамі. У прынцыпе, на вачах мы назіраем эвалюцыю палітычнага рэжыму Беларусі, які перастаў саромецца таго, што яго ва ўсім цывілізаваным свеце сталі адкрыта называць дыктатурай. А раз так, то навошта цярпець побач зарэгістраваныя арганізацыі, якія “маюць нахабства” крытыкаваць уладу? Такім чынам, беларуская праваабарона, як і незалежная журналістыка, ад цяперашняга моманту можа існаваць толькі ў паўлегальным выглядзе.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ