Пра лёс газеты, якая звязаная з доляй беларускага народу



Газета “Наша Ніва” адзначае 115-годдзе. Але пра гэтую важную для беларускага нацыянальнага руху дату не гавораць на радыёстанцыях у Беларусі, не дэманструюць перадачы па дзяржаўным тэлебачанні. Ніводная вуліца з беларускіх гарадоў не названая ў гонар газеты, якая змяніла лёс беларускага народу. Затое амаль у кожным вялікім населеным пункце краіны ў тапаніміцы ўганараваныя газеты, створаныя ў камуністычныя часы і якія дагэтуль дэманізуюць усё нацыянальнае.

Частка рэдакцыі адноўленага ў пачатку 1990-х выдання сустракае ў вымушанай эміграцыі. Галоўны рэдактар разгромленай “Нашай Нівы”, Ягор Марціновіч, – за кратамі. Таксама ў зняволенні знаходзіцца журналіст, кіраўнік аддзела маркетынгу Андрэй Скурко. Рэпрэсіі зазналі практычна ўсе супрацоўнікі газеты, якія за апошнія месяцы прайшлі праз допыты, арышты, ператрусы. Нашаніўцы да апошняга намагаліся працаваць для сваёй аўдыторыі, знаходзячыся фізічна ў Беларусі. І цяпер, нягледзячы на пераслед, выданне досыць паспяхова працуе, мае сваю аўдыторыю і захавала ўплыў на падзеі ўнутры краіны.

Лёс “Нашае Нівы” розных часоў настолькі драматычны, наколькі трагічная доля беларускага нацыянальнага руху і ягоных дзеячаў. За ўсе гады існавання газеты больш-менш свабодна яна працавала ў 1990-х гг. Фактычна пры Сяргею Дубаўцу “Наша Ніва” стала своеасаблівай “фабрыкай думак”, якая генеравала многія сэнсы для маладых беларусаў і закладала падмурак для з’яўлення праслойкі культуртрэгераў, якія пазней абудзілі беларускі нацыянальны дух, што найбольш яскрава праявілася на 100-годдзе БНР у 2018 годзе.

Наступныя рэдактары Андрэй Дынько і Ягор Марціновіч засяродзіліся на іншым фармаце, паставіўшы задачу зрабіць выданне максімальна масавым і папулярным. “Наша Ніва” апошніх гадоў – запатрабаваны таблоід на беларускай мове. Адмовіўшыся ад курсу на элітарнасць, за што аўтарам і рэдактарам пастаянна прылятала ад ангажаванай публікі, супрацоўнікі газеты зрабілі стаўку на гарачыя тэмы. Але працавалі надалей на роднай мове, саступаючы ў нямногім флагманскім расейскамоўным ліберальным парталам, пры гэтым займеўшы куды больш лаяльную і ўдзячную чытацкую грамаду.

“Наша Ніва” сёння – гэта не толькі інфармацыйны рэсурс, які штодня наведваюць дзясяткі тысяч беларусаў, але і сімвал незалежнай журналістыкі. Перакананы, што ў блізкай будучыні рэдакцыя выдання зноў вернецца ў Менск, а ў беларускіх гарадах з’явяцца бульвары і вуліцы ў гонар “НН”.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ