Пра лютаўскія тэзісы Уладзіміра Макея 



Уладзімір Макей — рэдкі для Беларусі чыноўнік, якому дазволена выказвацца на самыя важныя тэмы як ўнутрыпалітычнага, так і знешнепалітычнага плану. У іерархіі прадстаўнікоў рэжыму ён займае адну з самых высокіх пазіцый, што абумоўлена, без усялякага сумневу, абсалютным даверам да ягонай асобы з боку Аляксандра Лукашэнкі. За гады сваёй службы ён неаднаразова даводзіў адданасць свайму кіраўніку. У 2010 годзе, пасля брутальнага разгону Плошчы, ён апраўдваў дзеянні сілавікоў перад замежнымі пасламі і журналістамі. У 2020 годзе, калі пахіснулася канструкцыя ўлады, ён прыклаў максімум намаганняў для недапушчэння  дэмакратычных пераменаў у краіне. Больш за тое, ён правёў без асаблівых ваганняў кадравую чыстку ў падкантрольным яму Міністэрстве замежных справаў, развітаўшыся са многімі аўтарытэтнымі супрацоўнікамі, якія публічна выказалі сваю нязгоду з гвалтам супраць беларускага народу ў жніўні 2020 года. Прычым адным з гэтых супрацоўнікаў быў ягоны старэйшы сын Віталь Макей, які звольніўся з высокай пасады падчас маштабных пратэстаў без асаблівага шуму.

Сярод асноўных месыджаў з выступу Уладзіміра Макея варта звярнуць увагу на ягоныя словы адносна вывядзення расейскіх войскаў з тэрыторыі Беларусі пасля завяршэння так званых вучэнняў. “Ніводнага вайскоўца, ніводнай адзінкі баявой тэхнікі не застанецца пасля гэтых вучэнняў”, – заяўляе міністр. Беларускае грамадства, яўна занепакоенае надзвычайнай колькасцю чужога вайсковага кантынгента ў Беларусі, ён спрабуе супакоіць тым, што пасля “планавых” вышкалаў замежныя салдаты і афіцэры пакінуць тэрыторыю краіны. Гэта вымаўляецца публічна ў тым ліку для таго, каб расейскія партнёры пачулі пазіцыю афіцыйных уладаў Беларусі і не перадумалі ў апошні момант выводзіць войскі. Гэткім чынам Уладзімір Макей спрабуе прадэманстраваць, што Менск не страціў палітычнай суб’ектнасці і самастойнасці ў прыняцці рашэнняў.

Яшчэ адна важная заява Уладзіміра Макея датычыць таго, што апанентам улады не варта разлічваць на дыялог. “У нас не будзе ніякага дыялогу з тымі, хто праводзіць адкрытую антыдзяржаўную палітыку і заклікае да санкцый, аказвае ціск на Беларусь… Я згодны тут з Зянонам Пазьняком, які гаворыць, што страшна далёкія яны ад народу…”, — зазначыў Макей. У гэтым выказванні — дэманстратыўнае адмаўленне прызнаваць раўназначнымі суб’ектамі перамоваў прадстаўнікоў так званай “новай апазіцыі”, за якой у 2020 годзе пайшла значная частка насельніцтва. Узгадванне лідара КХП-БНФ патрэбнае толькі для таго, каб у чарговы раз унесці раздрай у дэмакратычным лагеры і паказаць “непатрыятычнасць новай апазіцыі”, якая нібы гатовая паступіцца інтарэсамі дзяржавы ў сваім змаганні за ўладу. Апеляцыя да аўтарытэту Зянона Пазьняка носіць тут маніпулятыўны характар, паколькі ўлада не збіралася і не збіраецца насамрэч весці дыялог ні з кім: ані са штабам Святланы Ціханоўскай, ані з Зянонам Пазьняком. 

Такім чынам, вуснамі Уладзіміра Макея палітычны рэжым у чарговы раз дэманструе поўную недамоваздольнасць і нежаданне чуць тую частку беларускага народу, якая патрабуе рэальнай дэмакратызацыі і рэформаў. Для беларускай дзяржаўнасці ў такой пазіцыі няма нічога суцяшальнага. 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ