Пра магчымыя прычыны атакі на АГП



27 ліпеня раніцай супрацоўнікі ўладаахоўных органаў прыйшлі з ператрусамі да кіраўніцтва Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Лёс некалькіх лідараў партыі дагэтуль невядомы.

“Апрычнікі абралі Дзень прыняцця Дэкларацыі аб незалежнасці для чарговых зачыстак. Затрыманы Мікола Казлоў — лідар АГП. Пагрукаліся і да іншых чальцоў партыі. Наступ на апошнюю арганізаваную выспу супраціву пачаты. Гэта вайна”, — напісаў у Фэйсбуку былы кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. У сітуацыі з пераследам актывістаў АГП ёсць некалькі важных момантаў. Сапраўды, як зазначае Анатоль Лябедзька, варта звярнуць увагу на сімвалізм даты, якую абралі сілавікі для атакі на АГП. Сярод стваральнікаў гэтай партыі — некалькі дэпутатаў ВС 12 склікання, якія ўдзельнічалі ў прыняцці той самай Дэкларацыі аб незалежнасці. Гэта значыць, дата пачатку “спецаперацыі” супраць АГП магла быць выбраная невыпадкова. На карысць гэтай гіпотэзы сведчыць тое, што ліквідацыя шэрагу аўтарытэтных НДА ў мінулым годзе была прымеркаваная да круглых датаў. Напрыклад, пазбаўленне рэгістрацыі Таварыства беларускай школы здарылася роўна на 100-годдзе арганізацыі. Разгром рэдакцыі “Нашай Нівы” ў ліпені 2021 года таксама ажыццявілі на 115-ю гадавіну выдання. Як бачым, сярод арганізатараў карных акцый нехта верыць у нумералогію ці, прынамсі, мае спецыфічнае пачуццё гумару.

Калі казаць пра вобраз АГП у вачах улады, то, відавочна, партыя дагэтуль асацыюецца найперш з персонамі Анатоля Лябедзькі, Яраслава Раманчука, Генадзя Карпенкі, Юрыя Захаранкі і іншых зацятых крытыкаў рэжыму, якія выступалі супраць палітыкі Аляксандра Лукашэнкі яшчэ з 1990-х. Што да цяперашняга кіраўніка, палкоўніка міліцыі ў адстаўцы Мікалая Казлова, то ён, з’яўляючыся экс-сілавіком, вельмі раздражняе ўладу, якая больш за ўсё баіцца менавіта сілавога кампанента ў пратэстовым руху. Такім чынам, напад на партыю абумоўлены таксама канфліктам з гісторыяй у амаль тры дзесяцігоддзі.

Яшчэ адной прычынай зачысткі АГП, якая, дарэчы, дагэтуль мае легальны статус, з’яўляюцца таталітарныя тэндэнцыі ў Беларусі.  У сітуацыі, калі “не да законаў” і ўсе апаненты ўлады аўтаматычна крыміналізуюцца, не можа ісці гаворкі пра існаванне зарэгістраваных апазіцыйных партый. Як паказвае практыка апошніх двух год, пасля падобнай атакі на ключавых фігур арганізацыі адбываецца пазбаўленне легальнага статуса і забарона дзейнасці. У Беларусі на вачах фармуецца неататалітарны рэжым, які не церпіць нават намёкаў на апазіцыйную дзейнасць.

І апошняе, новая хваля зачысткі апазіцыйных структур у Беларусі праходзіць на фоне вайны РФ супраць Украіны. І гэтая вайна яўна не мае прыхільнікаў сярод большасці беларусаў.  Улічваючы саюзны з РФ статус рэжыма ў гэтай вайне, нельга выключаць любы, нават самы негатыўны варыянт развіцця сітуацыі з уцягваннем беларускага войска ў загадзя правальную кампанію Крамля. У такім разе лагічна прагназаваць новы ўсплёск масавых пратэстаў у Беларусі, якія пры наяўнасці любых легальных апазіцыйных груп, нягледзячы на іх маргінальны статус, могуць прывесці да дэмантажу рэжыма. Такім чынам, улада дзейнічае на апярэджанне, спрабуючы загадзя абезгаловіць магчымы пратэст.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ