Пра матывы ганебнай расправы над грамадскай арганізацыяй 



Уладаахоўнікі атакавалі арганізацыю, якая займаецца абаронай правоў людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Калегі па праваабарончым цэху паведамляюць, што аператыўнікі правялі ператрусы на офісах і ў дамах кіраўнікоў вядомай і аўтарытэтнай арганізацыі “Офіс па правах людзей з інваліднасцю”. Кіраўнікоў структуры (юрыста Алега Граблеўскага, заснавальніка арганізацыі, інваліда-вазочніка Сяргея Драздоўскага і бухгалтара арганізацыі) адвезлі на допыты. На сайце КДК апублікаваная інфармацыя, у якой сілавікі спрабуюць патлумачыць свае дзеянні. Так, з афіцыйнага паведамлення вынікае, што “Дэпартаментам фінансавых расследаванняў КДК праводзяцца праверачныя мерапрыемствы ў адносінах службовых асобаў установы “Офіс па правах людзей з інваліднасцю… па пытаннях неправамернага завалодання у перыяд з 2020 года па цяперашні час грашовымі сродкамі, атрыманымі ўстановай у выглядзе дабрачынных унёскаў і міжнароднай дапамогі для мэтаў аказання дапамогі грамадзянам Беларусі”.

Як гавораць паплечнікі затрыманых, Офіс выконвае ўнікальную для Беларусі працу, выступае супраць дыскрымінацыі людзей з інваліднасцю, лабіруе падвышэнне стандартаў іх жыцця і абараняе іх правы. На фоне многіх іншых арганізацый, якія займаюцца справамі людзей з абмежаванымі магчымасцямі, Офіс вылучаецца тым, што сябры арганізацыі не застаюцца ў баку ад палітычных і грамадскіх падзей, якія адбываюцца ў нашай краіне ў апошнія месяцы. Адзін з супрацоўнікаў арганізацыі, Алег Граблеўскі, адбываў адміністрацыйны арышт за тое, што спрабаваў ажыццяўляць маніторынг парушэння правоў інвалідаў-удзельнікаў пратэстовых акцый, якія спрабавалі праводзіць мірныя шэсці ў цэнтры сталіцы.

Падчас падзей гарачай восені ў Менску многія, відаць, запомнілі кранальныя “Маршы супергерояў”. На мыліцах, на інвалідных вазочках і з кіёчкамі маршыравалі па праспекце Незалежнасці некалькі дзясяткаў людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Іх суправаджалі родныя. СМІ растыражавалі фотаздымак адной з мацярок удзельнікаў акцыі, якая трымала ў руках плакат “Не страшна быць маці дзіцёнка ў калысцы. Страшна быць маці бандыта ў масцы”. “Маршы супергерояў” – трапная назва. Без перабольшання. Людзі, якія і так штодня ў Беларусі змагаюцца за тое, каб проста выйсці на вуліцу з непрыстасаванага пад’езду, паказалі прыклад грамадзянскай мужнасці іншым суайчыннікам. Першы марш людзей з інваліднасцю прайшоў больш-менш спакойна, без умяшальніцтва так званых сілавікоў, якія, відаць, ад нечаканасці проста не ведалі, як рэагаваць. Але праз пару тыдняў нерашучасць людзей у форме прайшла, яны пачалі блакаваць месцы збору ўдзельнікаў “Маршаў супергерояў”, а некаторых пратэстоўцаў затрымліваць.

Ціск на Офіс па правах людзей з інваліднасцю выглядае помстай улады за тое, што “Маршы супергерояў” зрабілі свой унёсак у разбурэнне міфа пра ўсенародную падтрымку рэжыма. Зразумела, улада, якая мысліць у катэгорыях “вертыкальнага падпарадкавання” і якая паўсюль шукае сляды змовы, не магла не паспрабаваць знайсці вінаватага ў сваім чарговым прыніжэнні.

І вось быў нанесены ўдар па адной з самых заўважных і жыццядзейных арганізацый, якія займаюцца пытаннямі людзей з інваліднасцю. Можна сказаць, аб’ект для атакі быў выбраны невыпадкова. Улада аказвае ціск менавіта на тую арганізацыю, якая з’яўляецца прыкладам і ўзорам для пераймання для многіх.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ