Пра матывы пераследу вясноўцаў



Улады спрабуюць нанесці чарговы ўдар па грамадзянскай супольнасці. Следчы камітэт паведамляе, што ў дачыненні да Праваабарончага цэнтру “Вясна” распачатая крымінальная справа па арт. 342 КК (арганізацыя і актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Такім чынам, стала вядома, на якой падставе праходзілі ператрусы пару тыдняў таму ў 90 з нечым грамадзянаў па ўсёй краіне. Ціск на самую актыўную праваабарончую арганізацыю, якая ўзнікла на хвалі Менскай вясны 1996 года, паказвае, што рэжым перайшоў ад тактыкі аператыўнага рэагавання на рызыкі (гэтым улады былі вымушаныя займацца апошнія паўгода ў звязку з незвычайнай палітызацыяй масаў) да практыкі зачысткі апазіцыйнага поля, з чым “Вясна” сутыкалася неаднойчы.

Цяперашняя атака на праваабарончую арганізацыю абумоўленая трыма прычынамі. Па-першае, “Вясна” насамрэч аказвала вельмі эфектыўную дапамогу пацярпелым ад дзеянняў сілавікоў грамадзянам ў перадвыбарчы і паслявыбарчы перыяды. У офісы праваабаронцаў па ўсёй краіне звярнуліся тысячы беларусаў, якія прайшлі праз збіццё, катаванні і незаконныя арышты. Сілавікі падазраюць, што “Вясна” дапамагала многім суайчыннікам кампенсаваць штрафы, якімі каралі грамадзянаў па народным артыкуле 23.34 КоАП (удзел у несанкцыянаванай акцыі). Адпаведна, для ўладаў было крытычна важна знішчыць механізм дапамогі, пакінуць пратэстоўцаў без юрыдычнай і матэрыяльнай падтрымкі.

Другая прычына, праз якую ўладаахоўнікі атакавалі вясноўцаў, — гэта спроба знайсці доказы знешняга фінансавання пратэстаў. Дзяржаўная прапаганда ўвесь час вінаваціць апазіцыю ў тым, што ёй кіруюць заходнія лялькаводы, якія напампоўваюць пратэсты рэкамі фінансавых сродкаў. Адпаведна, масавыя ператрусы, якія прайшлі пару тыдняў таму, мелі на мэце выяўленне дакументаў альбо грашовых сродкаў, нібыта атрыманых ад замежных фондаў і структур, што пацвердзіла б афіцыйную версію пра “гібрыдную вайну” Захада супраць Беларусі. У дадзеным кантэксце рэпрэсіўныя дзеянні сілавых структур абумоўленыя іх шчырым неразуменнем метамарфозаў, якія адбываюцца з беларускім грамадствам. Аналітычныя цэнтры ўлады не могуць ніяк паверыць у тое, што беларускі пратэст — з’ява ўнутраная і глыбінная. Адпаведна, нечаканая палітызацыя масаў успрымаецца сілавікамі як зрэжысаваныя і падступныя дзеянні варожых краін, а не натуральная рэакцыя спелага грамадства на сваволле ўлады.

Трэцяя прычына адкрыцця крымінальнай вытворчасці ў дачыненні да “Вясны” была сфармуляваная кіраўнікамі МУС, выказванні якіх трапілі ў агульны доступ дзякуючы ініцыятыве By_POL. Адзін з кіраўнікоў гэтага ведамства ў выступе перад асабістым складам заявіў, што перамагаюць тыя, хто пастаянна атакуе, не дае перадышкі апанентам. У прынцыпе, уся логіка паслявыбарчых рэпрэсій упісваецца ў гэтую схему. Калі першыя месяцы ўлада і яе сілавікі ўвесь час былі аб’ектам уздзеяння з боку грамадства, то пасля спынення масавых акцый у сталіцы і абласных гарадах яны перайшлі ў атаку з мэтай нейтралізацыі ўсіх асяродкаў пратэсту.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ