Пра маўчанне беларускай дзяржавы ў пытанні салідарнасці з Італіяй



Сёлета Італія перажывае не лепшыя часіны. У звязку з эпідэміяй каронавіруса, якая ахапіла Апенінскую паўвыспу, гэтая дзяржава ўпершыню з моманту заканчэння ІІ Сусветнай вайны сутыкнулася з маштабнымі выклікамі, сярод якіх – праверка сістэмы медычнага абслугоўвання, эфектыўнасці дзяржаўных органаў, гатоўнасці структураў грамадзянскай супольнасці да кааперацыі. Відавочна, жорсткія каранцінныя меры балюча б’юць па гаспадарцы гэтай краіны. Можна смела прагназаваць, што цэлыя галіны эканомікі Італіі мінімум на пару гадоў будуць знаходзіцца ў глыбокім накаўце. Аднак італьянцы не здаюцца. Вядомыя нараджэнцы гэтай краіны ахвяруюць астранамічныя сумы на ўдасканаленне абсталявання бальніц. Вытворцы медычнай тэхнікі прадаюць складаную тэхніку па сабекошце. Кіраўніцтва краіны і рэгіёнаў штодня інфармуе грамадзянаў пра эпідэміялагічную абстаноўку. Самі італьянцы дэманструюць рашучасць прайсці годна праз усе выпрабаванні апошняга часу. У шматлікіх відэароліках, якія распаўсюджваюцца праз сацыяльныя сеткі, бачна, як італьянцы ладзяць музычныя флэшмобы са сваіх балконаў і спяваюць вясёлыя песні.

Хто хоць некалі сутыкаўся з італьянцамі ў жыцці, напэўна, зразумее, наколькі гэтым тэмпераментным паўднёвым людзям складана мяняць свае побытавыя звычкі дзеля змагання з каронавірусам. Ім даводзіцца адмаўляцца ад прынятых тактыльных кантактаў падчас вітанняў, ад шумных сямейных застолляў, ад частых сустрэч з сябрамі, ад шпацыраў па шматлюдных вуліцах і ад наведвання ўлюбёных рэстарацый. Справа тут не ў буржуазных стэрэатыпах паводзінаў грамадзянаў заможнай краіны, колькі ў самім характары гэтага адкрытага і імпульсіўнага народу. На гэтым фоне асабліва кранальна выглядае клопат італьянцаў пра састарэлых і пажылых грамадзянаў. Іх занепакоенасць – зусім не дзяжурныя фразы пра прыстойнае жыццё на заслужаным адпачынку, а канкрэтныя дзеянні, каб уратаваць максімальную колькасць дзядуль і бабуль.

Падзеі ў Італіі – зусім не абстракцыя для многіх беларусаў, біяграфіі якіх звязаныя з гэтай краінай. Справа ў тым, што дзясяткі тысяч беларускіх дзяцей былі гасцінна прынятыя італьянскімі сем’ямі пасля катастрофы на ЧАЭС. Італьянцы вельмі шчыра і актыўна падключыліся да аздараўлення чарнобыльскіх дзетак, бескарысліва прадаставілі ім дах над галавой, арганізоўвалі паездкі на мора і ў знакамітыя турыстычныя мясціны. Некаторыя беларускія сіроты, да якіх нікому не было справы на радзіме, знайшлі ў асобах італьянскіх дарослых сапраўдных бацькоў. Маштабы гуманітарнай дапамогі беларускім рэгіёнам, якія аказалі італьянскія дабрачынныя фонды і арганізацыі, таксама ўражваюць. На гэтым фоне, на вялікі жаль, беларуская дзяржава не надта спяшаецца з жэстамі салідарнасці з Італіяй. Гэта вельмі добра, што калі разгарэўся ачаг эпідэміі ў кітайскім Ухані, беларусы выглядалі прыстойна на фоне многіх дзяржаваў свету. Мы тады накіравалі ў Кітай самалёт з гуманітаркай, а таксама запусцілі бягучым радком словы падтрымкі на падсветцы Нацыянальнай бібліятэкі. Аднак чамусьці такога імпэту беларускіх чыноўнікаў у дачыненні да Італіі, якая калісьці адгукнулася на чарнобыльскую бяду, няма.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ