Пра мост разладу



Часам мост – гэта не проста мост. З моманту анексіі Расеяй паўвыспы Крым прайшло чатыры гады. І вось праз Керчанскі праліў была пабудаваная гіганцкая спаруда, якая злучыла расейскую Тамань з Крымам. Так рэалізавалася адно з перадрэферэндумных абяцанняў Пуціна крымчанам, якім для поўнага шчасця не хапала моста. Цяпер яны дакладна зажывуць…

Напярэдадні маштабнага будаўніцтва шматлікія інжынеры-канструктары і дыпламаты з розных дзяржаваў неаднаразова выказваліся пра немагчымасць узвядзення моста. У асноўным указвалася на некалькі фактараў: непрыдатны марскі грунт, няправільная канструкцыя і парушэнне шматлікіх міжнародных пагадненняў. Гаварылася таксама пра тое, што расейцы не валодаюць адпаведнымі тэхналогіямі і ўвогуле на фоне заходніх санкцый на мост проста не хопіць грошай. Але мы зусім не сумняваліся, што грошай на гэты праект у Расеі якраз хопіць. Гэта на іншыя рэгіёны Расеі часцяком бракуе сродкаў, каб пабудаваць сучасныя дарогі, школы і бальніцы. Але для крымчан нічога не шкада. Тым больш, астатнія расейцы гатовыя бясконца зацягваць паясы, абы ніколі не спыняўся захапляльны серыял пад назвай “Уставанне з каленяў”.

І вось пасля цырымоніі адкрыцця праз крымскі мост паехалі першыя аўтамабілі. Зразумела, на чале калоны грузавікоў мог ехаць толькі альфа-самец. Так і сталася. Грузавікі праехалі, будаўніцтва стала гісторыяй. Але штосьці падказвае, што незавершанай гісторыяй. Україна, краіны ЕЗ і ЗША ўжо выказалі незадаволенасць будаўніцтвам моста. Амерыканскі Дзярждэп заявіў, што наяўнасць моста перашкаджае судаходству. Знешнепалітычная служба ЕЗ заўважыла, што мост будзе садзейнічаць далейшай прымусовай інтэграцыі ўкраінскай паўвыспы з Расеяй. А прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка ў твітары выказаўся куды больш рэзка: “Мост абавязкова спатрэбіцца акупантам, калі тыя будуць у тэрміновым парадку пакідаць наш Крым”. Канец цытаты. Ва ўсе часы толькі тыя масты былі трывалымі, якія аб’ядноўвалі людзей. Крымскі мост у гэтым плане ўнікальны: яго задача адваротная.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ