Пра мову як фактар нацыянальнай бяспекі



Флагманскае расейскае выданне Lenta.ru, якое часта агучвае пазіцыю, блізкую да Крамля, апублікавала артыкул наконт “гвалтоўнай казахізацыі”. У матэрыяле аўтары вінавацяць казахскае грамадства ў разгуле нацыяналізму, а ўладу ў патуранні антырасейскім настроям. Фармальнай падставай для нападу на моўную палітыку суседняй дзяржавы сталі відэаблогі казахскага ютубера Куата Ахметава, прыхільнікі якога распытвалі рускамоўных жыхароў Казахстана пра тое, чаму яны не размаўляюць на мове тытульнай нацыі. Потым гэтыя сюжэты выкладаліся на канале Til Maydani. Наяўнасць такіх ролікаў стала нагодай для таго, каб расейскія публіцысты пачалі практыкавацца ў антыказахскіх артыкулах, хоць насамрэч улады Казахстана адкрыта не вітаюць дзейнасць нацыяналістаў. Доказам гэтага з’яўляецца хаця б тое, што ў дачыненні да блогера Куата Ахметава пачалі крымінальную справу за стварэнне так званых “моўных патрулёў”, у выніку чаго ініцыятар відэасюжэтаў быў вымушаны ўцячы за мяжу.

Агрэсіўныя інфармацыйныя атакі на моўную палітыку ў Казахстане, які, зрэшты, ад моманту абвяшчэння незалежнасці праводзіць надзвычай акуратную лінію ў справе выбудоўвання міжнацыянальных адносін, – сігнал пра тое, што Расея не гатовая на ўмацаванне незалежнасці былой постсавецкай дзяржавы. Масква, нягледзячы на ўсе дэкларацыі пра сяброўства, з рэўнасцю глядзіць на працэс дзяржаўнага будаўніцтва ў Казахстане, якое аўтаматычна вядзе да фармавання казахскай ідэнтычнасці.

Пасля атрымання незалежнасці ў Казахстане ўлады ўлічылі этнічную сітуацыю наяўнасці вялікай расейскай абшчыны, а таксама таго, што значная частка этнічных казахаў ва ўмовах русіфікацыі часоў СССР свядома абрала рускую мову ў якасці асноўнай. Разам з тым, у адрозненне ад Беларусі, мова тытульнай нацыі займела статус адзінай дзяржаўнай, а расейскай надалі функцыі міжнацыянальных адносін з правам на афіцыйнае выкарыстанне. Інакш кажучы, у Канстытуцыі Казахстана замацавана, што расейская мова можа выкарыстоўвацца нароўні з казахскай у справаводстве і побытавых зносінах. Зрэшты, паводле афіцыйнай статыстыкі, амаль палова дакументазвароту забяспечваецца дагэтуль на расейскай мове, што наўпрост сведчыць, што ніякай дыскрымінацыі па моўнай прыкмеце ў Казахстане няма. Больш таго, казахскія інтэлектуалы заўважаюць, што дзяржаўны курс на трыадзінства моваў (казахскай, расейскай і ангельскай) у канчатковым выніку прывядзе да паслаблення казахскай. Адпаведна, усе інсінуацыі расейскага боку пра дыскрымінацыю носьбітаў расейскай мовы выглядаюць маніпуляцыяй. Таксама варта звярнуць увагу на тое, што раздзьмуваннем штучнага моўнага канфлікту займаецца такая структура як “Рассупрацоўніцтва”, якая актыўнічае і ў Беларусі.

Зрэшты, пад агонь крытыкі імперыялістаў нядаўна, як гэта ні смешна, трапіла і самая русіфікаваная на постсавецкай прасторы краіна – Беларусь. Усё на тым жа самым партале разганялася хваля пра “гвалтоўную беларусізацыю”, якая праяўляецца ў дубляванні геаграфічных назваў у лацінскай транскрыпцыі. Аўтары публікацыі ў сваіх апакаліптычных прагнозах пайшлі яшчэ далей, прадказваючы лацінізацыю Беларусі. Якую выснову трэба рабіць жыхарам постсавецкіх краін з гэтых выпадкаў? Усё проста: у посткаланіяльнай сітуацыі мова тытульных нацый з’яўляецца не толькі інструментам камунікацыі, але і фактарам нацыянальнай бяспекі. Інакш кажучы, мір, дабрабыт і поспех – гэта беларуская мова. 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ