Пра народную сацыялогію



Улады папярэджваюць недзяржаўныя выданні пра недапушчальнасць публікацыі анлайн-галасаванняў, звязаных з цяперашняй выбарчай кампаніяй. Сапраўды ў беларускім заканадаўстве прапісаная забарона на правядзенне сацыялагічных даследаванняў без акрэдытацыі пры Інстытуце сацыялогіі НАН. За парушэнне гэтай нормы прадугледжаныя штрафы ў памеры да 200 базавых велічыняў. Аднак рэакцыя дзяржорганаў выклікае сама меней здзіўленне, паколькі інтэрнэт-апытанкі з вялікай нацяжкай можна аднесці да катэгорыі сацыялагічных даследаванняў. Гэта хутчэй зрэз меркаванняў выпадковых карыстальнікаў, прычым дадзеныя ў пэўнай ступені залежаць ад аўдыторыі таго ці іншага парталу.

Ва ўсёй гэтай гісторыі з забаронай інтэрнэт-апытанак пра выбары, відавочна, асноўным раздражальнікам для ўладаў стала катастрафічна малая падтрымка дзейнага кіраўніка з боку інтэрнаўтаў. У некалькіх апытаннях цяперашняга кіраўніка дзяржавы падтрымліваюць ад 3 да 10 % рэспандэнтаў, што, зразумела, кантрастуе з лічбамі па выніках галасаванняў на прэзідэнцкіх выбарах розных гадоў.

Сама прырода персаналісцкага рэжыму такая, што патрабуе заўжды максімальна высокіх працэнтаў падтрымкі. У палітычных лідараў, якія жывуць у сістэме каштоўнасцяў правадырства, аўтарытэт мае толькі той, хто не проста перамог суперніка, а разграміў яго з вялікім адрывам. У такім разе вытокі легітымнасці — не столькі ў рэальнай падтрымцы (добра, вядома, калі яна ёсць), а ў няспыннай дэманстрацыі перавагі. І вось такія апытанкі, хоць яны зусім не прэтэндуюць на аб’ектыўнасць, дэсакралізуюць міф пра безальтэрнатыўнасць правадыра. Зрэшты, нервовая рэакцыя ўлады на аграмадныя чэргі ў падтрымку Ціханоўскага таксама вынікае з гэтага. Яны б, можа, сцярпелі рэзкія выказванні на мяжы з абразай. Прынамсі, да заканчэння выбараў. Але не могуць дапусціць, калі на вуліцах гарадоў выстройваюцца кіламетровыя чэргі за альтэрнатыўных прэтэндэнтаў. З гэтай жа мэтай ў першай палове 2000-х гадоў былі забароненыя незалежныя сацыялагічныя даследаванні, а цэнтры вывучэння грамадскай думкі проста выціснулі з краіны.

Зрэшты, улада, якая ўвесь час абавязана рабіць выгляд, што яе падтрымлівае пагалоўна ўсё насельніцтва, толькі тым і займаецца, што пераконвае ў гэтым сябе і усіх навакольных. На эфектыўны дзяржаўны менеджмент рэсурсаў і сіл не хапае.

Усенародная падтрымка – гэта палка з двума канцамі. Любоў натоўпу вельмі непрацяглая. Сёння правадыра носяць на руках, заўтра праклінаюць усёй краінай і вінавацяць ва ўсіх бядотах. У гісторыі безліч прыкладаў, якія даводзяць, што ўстойлівасць палітычнай сістэмы ў малой ступені залежыць ад высокага рэйтынгу кіраўніка дзяржавы. Ідэальны варыянт — калі прэзідэнта падтрымлівае трошкі больш за палову электарата. Тады ў яго развязаныя рукі для рэформаў, бо няма завышаных чаканняў ад насельніцтва. Такі лідар можа сабе дазволіць пайсці на рызыкоўныя і непапулярныя меры дзеля агульнага дабра і пры гэтым не наклікаць на сябе бяду.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ