Пра наступствы ад неабвешчанай вайны
Фактычна з кожным днём эскалацыі напружання на расейска-ўкраінскай мяжы гаспадаркі РФ і Украіны нясуць сур’ёзныя выдаткі, але, безумоўна, большая нагрузка ляжыць на Украіне. Кіеў вымушаны рэагаваць на перамяшчэнні вайсковай тэхнікі РФ на сваіх кардонах і праводзіць у адказ свае вайсковыя вышкалы. Але, акрамя непасрэдна выдзялення вялікіх сродкаў на вайскоўцаў, ёсць яшчэ іншыя выдаткі, на якія б украінская дзяржава не пайшла, калі б не расейскі шантаж.
Змрочныя прагнозы заходніх разведак, а таксама інфармацыйная кампанія ў СМІ, негатыўна ўплываюць на інвестыцыйны клімат і на прысутнасць транснацыянальнага бізнесу ва Украіне. Ад пачатку трывожных паведамленняў пра магчымасць расейскага ўварвання многія грамадзяне краін Захаду, сярод якіх нямала бізнесоўцаў, пакінулі Украіну. А нехта ўвогуле адмовіўся ад інвеставання ва ўкраінскую эканоміку.
Хоць да адкрытай і вялікай вайны справа наўрад ці дойдзе, аднак можна гаварыць, што Масква істотна спрычынілася да дэстабілізацыі сітуацыі ва Украіне ў эканамічнай сферы. Свядомае нагнятанне напружання з боку Масквы прывяло да таго, што неба над Украінай практычна стала беспалётнай зонай. Некалькі вядучых авіякампаній свету адклалі часова свае рэйсы пасля паведамленняў Белага Дому пра тое, што Расея можа напасці на Украіну 16 лютага. Урад Украіны паспрабаваў мінімізаваць наступствы ад гэтага, паабяцаўшы дадатковыя фінансавыя гарантыі для падтрымкі авіярынку. Але гэтая гатоўнасць Кіева ўсё адно не дадала ўпэўненасці міжнародным авіяперавозчыкам.
РФ у межах так званых вайсковых вучэнняў не абмежавалася стварэннем напружання на сухапутных межах Украіны. На некалькі дзён фактычна былі перакрытыя марскія транспартныя шляхі ў Чорным і Азоўскім марах, што таксама з’яўляецца актам агрэсіі супраць незалежнай дзяржавы з боку Крамля. Пасля вялікага рэзанансу і звароту Кіева да міжнародных інстанцый Масква нібыта зняла блакаду, хоць насамрэч яна працягваецца і па гэты дзень. Паводле ацэнак эксперта Інстытуту Чарнаморскіх стратэгічных даследаванняў Андрэя Кліменкі, беспрэцэдэнтнае перакрыццё водных маршрутаў расейскім флотам выклікала збой лагістычных сетак, завязаных на ўкраінскія парты. З’яўленне новых рызык падвысіла для перавозчыкаў стаўкі страхавання ад 3 да 10 долараў ЗША на адну тону грузу. І хоць на дадзены момант марская блакада мае частковы характар, але ўдар па эканоміцы Украіны быў нанесены моцны, асабліва ўлічваючы, што каля 60% украінскага экспарту праходзіць праз марскія парты на Чорным і Азоўскім марах. Паводле розных ацэнак, у выпадку поўнага блакавання ўкраінскіх партоў, Украіна будзе страчваць ад 25 да 170 млн долараў у дзень.
Такім чынам, хоць і без “гарачай фазы”, але ў дачыненні да Украіны вядзецца неабвешчаная вайна, якая здольная аслабіць гаспадарку 40-мільённай еўрапейскай дзяржавы. У сваю чаргу, аслабленне эканомікі пацягне за сабой пагаршэнне якасці жыцця ўкраінцаў, што можа справакаваць хваляванні, якія могуць стаць падставай для сапраўднага вайсковага ўварвання. Адпаведна, Украіна на гэтым этапе мае патрэбу не толькі ў салідарнай пазіцыі цывілізаваных дзяржаваў, але і ў сур’ёзнай фінансавай падтрымцы з боку краін Захаду, зацікаўленых у бяспецы ў Еўропе.