Пра наступствы адмены ЧС па хакеі-2021



Улады Беларусі, хоць былі на словах гатовыя да таго, што ў іх адбяруць права на правядзенне статуснага спартовага спаборніцтва, усё-такі да апошняга спадзяваліся на тое, што ў траўні ў Менск прыедуць замежныя хакейныя зборныя, а на трыбунах з’явяцца тысячы замежных заўзятараў. Эмацыйнае выказванне старшыні нацыянальнай хакейнай федэрацыі Дзмітрыя Баскава на адрас апанентаў з Фонда спартовай салідарнасці, якія паслядоўна дабіваліся пераносу чэмпіяната, паказвае, наколькі балючы ўдар нанесены палітычнаму рэжыму. Калі Баскаў гаворыць пра скрадзенае свята ў тысячаў дзяцей, ён, вядома, зусім не турбуецца пра маленькіх аматараў хакея з шайбай. Ключавое слова ў ягонай прамове – здраднікі. Менавіта так ён і ягоныя адзінадумцы называюць беларусаў, якія лічаць, што цяперашняя сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі не дазваляе праводзіць міжнародную спартовую падзею найвышэйшага ўзроўню.

Зрэшты, Баскаву і кампаніі, як паказваюць падзеі апошніх дзён, цяпер давядзецца лічыцца з тым, што ў грамадзянаў Беларусі, якія выступаюць за перамены, з’явіліся эфектыўныя інструменты ўздзеяння на знешнюю і ўнутраную палітыку дзяржавы. Гаворка ідзе як пра аўтаномныя ініцыятывы прадстаўнікоў беларускай дыяспары па ўсім свеце, так і пра легітымныя структуры ў выгнанні (НАУ, Фонд спартовай салідарнасці, Фонд культурнай салідарнасці, By_Pol і гд.). Бадай што ўпершыню ў найноўшай гісторыі беларускае грамадства ў сваёй большасці не ставіць пад сумнеў аўтарытэт створаных структур і ўважліва сочыць за іх дзейнасцю. Што цікава, улада з такім выклікам сутыкнулася таксама ўпершыню. Калі раней эміграцыйныя колы прадстаўлялі паўжывыя арганізацыі, створаныя яшчэ ў пракаветныя часы, хай і паважанымі асобамі, то цяпер гаворка ідзе пра легітымных лідараў культурніцкай сферы, спартовай галіны і папулярных у народзе палітыкаў. Адпаведна, перанос ЧС па хакеі, які меўся стаць дэманстрацыяй поспеху знешняй палітыкі афіцыйных уладаў, хоць у рэчаіснасці правядзенне спартовага шоу мала чаго супольнага мае з паспяховай працай на міжнароднай арэне, можна лічыць насамрэч перамогай незалежнага грамадства. Трэба ўлічыць, што прыхільнікам пераменаў супрацьстаяла магутнае лобі беларускай дзяржавы ў транснацыянальным бізнесе і ў спартовых міжнародных арганізацыях. Нягледзячы на ўсе гэтыя відавочныя перавагі, дзяржава пацярпела фіяска. І ў гэтай паразы будуць свае знешнепалітычныя і ўнутраныя наступствы.

Калі мы гаворым пра знешнепалітычныя наступствы, то адабранне ЧС па хакеі можа стаць дастаткова моцным імпульсам да дрэйфу афіцыйнага Менску ў абдымкі Масквы. Але больш істотныя наступствы ад пераносу спаборніцтваў будуць для жыхароў самой Беларусі. Трэба адзначыць, што ЧС патрэбны быў афіцыйным уладам у асноўным для таго, каб прадэманстраваць уласным прыхільнікам, што іх шэф дамоваздольны і можа дабівацца рэзультата, насуперак усяму. Цяпер жа нават у вачах прыхільнікаў яму цяжка будзе аднавіць імідж уплывовага за межамі дзяржавы лідара. Фрустрацыя ад адабрання ЧС па хакеі таксама можа негатыўна паўплываць на сітуацыю з правамі чалавека, якую і так у нашай дзяржаве пасля выбараў 2020 года можна без перабольшання назваць катастрафічнай. Разам з тым, перанос ЧС па хакеі паказвае на тое, што ўлада перастае мець манаполію на сваю палітыку па-за межамі і ўнутры краіны.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ