Пра наступствы сумнеўнай ініцыятывы Сінода БПЦ
Праваслаўная грамадскасць Беларусі занепакоеная навінай пра магчымую адстаўку аўтарытэтнага архіепіскапа Арцемія. Гэты чалавек у вачах вернікаў і міранаў мае бездакорную рэпутацыю. А ягоныя прамовы з амбону падчас жнівеньскіх падзей 2020 года сталі інтэрнэт-хітамі. Прыхільнікі перамен з удзячнасцю ўспрынялі горкія, але справядлівыя словы царкоўнага іерарха пра прыроду гвалту. Менавіта бескампраміснасць Арцемія ў пытаннях непрымання зла выклікала шчырую павагу і захапленне. Але, як можна было прагназаваць, сапраўдная хрысціянская пазіцыя пастара, што застаўся побач з пакрыўджанымі людзьмі, не магла застацца незаўважнай. Тым больш, архіепіскап стаў, па сутнасці, адзіным праваслаўным іерархам, які асудзіў збіццё мірных пратэстоўцаў і рэпрэсіі супраць беларускага народа. Улічваючы моцнае лобі ягоных непрыхільнікаў у царкве, а таксама раздражненне цэнтральных уладаў, ягонае вызваленне з пасады было справай часу. Узгадайма выступ кіраўніка дзяржавы на адным з мітынгаў лаялістаў у Гародні, у якім ад святароў запатрабавалі дыстанцыявацца ад палітыкі. Можна не сумнявацца, што вымаўленыя словы балі адрасаваныя ў тым ліку і апальнаму архіепіскапу. Але маштаб асобы Арцемія не дазваляў паступіць з ім так, як, скажам, абышліся са святарамі розных хрысціянскіх канфесій, якія адбылі суткі адміністрацыйнага арышту за ўдзел у пратэстовых акцыях.
Незадаволенасць сітуацыяй у епархіі, якой кіраваў Арцемій, праяўлялася і з боку царкоўнага кіраўніцтва. Мітрапаліт БПЦ Веньямін, вядомы сваёй лаяльнасцю да ўлады, падчас візіту ў Гародню выказаў незадаволенасць тым, што ў гарадзенскіх храмах выконваецца рэлігійны гімн “Магутны Божа” аўтарства антысаветчыцы Наталлі Арсенневай. Паводле праваслаўных багасловаў, фармальны кіраўнік БПЦ ужо тады перакрочыў межы кананічнага права, спрабуючы навесці парадак у чужой епархіі.
І вось у некалькіх тг-каналах з’явілася інфармацыя пра адстаўку папулярнага ў народзе святара Арцемія. Дадзенае паведамленне, аднак, не пацвярджаецца афіцыйна. На сайце БПЦ пра вынікі сінода напісана надзвычай лаканічна: “Сінод разглядзеў бягучыя пытанні жыцця БПЦ і прыняў шэраг рашэнняў… ” Падрабязнасці лёсавызначальнага рашэння, аднак, не раскрываюцца, паколькі прэс-служба спасылаецца на Статут РПЦ. Але, што цікава, прымусовая адстаўка Арцемія – гэта прамое парушэнне ўсё таго ж Статута, паколькі канчатковае рашэнне мае прымацца патрыярхам РПЦ. Адпаведна, беларускія таварышы, калі фактычна пайшлі на ўмяшальніцтва ў справы епархіі Арцемія, парушылі свой жа Статут, што ў перспектыве пацягне за сабой мноства праблем кшталту легітымнасці кіраўніцтва БПЦ у вачах кліра і вернікаў.
Хоць на гэты момант праціўнікі архіепіскапа Арцемія паціраюць рукі ад радасці, насамрэч падставаў для іх аптымізму мала. Царква – гэта не сінод. Царква – гэта вернікі, для якіх аўтарытэт Арцемія застаецца непахісным. Сваімі няўклюднымі дзеяннямі вярхушка царквы проста актывізуе царкоўныя абшчыны, паскарае працэсы аб’яднання людзей у супольнасць, якая рана ці позна стане сапраўднай беларускай царквой.