Пра небяспеку падзення інтарэсу да вайны



Вайна ва Украіне цягнецца 4 месяц. Калі ў першыя дні расейскай агрэсіі аўтарытэтныя выданні і СМІ свету публікавалі артыкулы пра вайну на першых старонках, то цяпер увага да сітуацыі ва Украіне пачынае паволі згасаць. Пра небяспеку падзення інтарэсу да вайны слухаем каментар Міколы Бянько.

Дадзеныя сэрвісаў гугл трэнд дэманструюць устойлівую тэндэнцыю на зніжэнне зацікаўленасці тэмай вайны ва Украіне. Па некаторых крытэрах колькасць запытаў сусветных спажыўцоў інфармацыі адносна сітуацыі ў суседняй дзяржаве знізілася ў некалькі разоў. Калі ў лютым месяцы, у першыя тыдні вайны, многія абывацелі з Еўропы і ЗША кінуліся гугліць звесткі пра тое, што, уласна кажучы, адбываецца паміж РФ і Украінай, што фіксавалася адпаведнымі сервісамі, то цяпер жыхары розных частак свету прадказальна перасталі цікавіцца вайной. Драма, калі яна зацягваецца на месяцы, перастае чапляць за жывое. Ды і бярэ сваё штодзённасць, якая зацягвае ў вір рутыны, у выніку чаго не застаецца часу на далёкія тэмы кшталту голаду на Мадагаскары, патопу ў Індыі, лясных пажараў у Аўстраліі ці вайны ва Украіне.

Яшчэ адной прычынай спаду інтарэса да ўкраінскай тэматыкі ў Еўропе, як гэта ні парадаксальна, з’яўляецца адчайны адпор украінскага войска агрэсару. Еўрапейцы дзесяцігоддзямі былі прывучаныя баяцца магутнасці “другой арміі свету”, гатовыя былі капітуляваць да пачатку ваенных дзеянняў. Аднак хада вайны ва Украіне, нягледзячы на тактычныя перамогі Масквы, паказвае, што Расейская Федэрацыя — гэта калос на гліняных нагах, падзенне якога — справа часу. Яшчэ пару месяцаў таму немагчыма было ўявіць, што Літва перакрые транзіт расейскіх грузаў у Калінінград, а ў Крамлі на гэта толькі пагрукаюць ботамі па стале ад злосці. Нерэальна было таксама пачуць ад міністра абароны Фінляндыі ўпэўненую заяву, што ў выпадку агрэсіі фінская армія акажа супраціў РФ, паколькі да гэтага вайскоўцы рыхтаваліся дзесяцігоддзямі. Інакш кажучы, тое, што завязла Расея ва Украіне, супакоіла еўрапейцаў і дала магчымасць ім вярнуцца да звычайных жыццёвых справаў. Мяркую, цяпер многія жыхары Італіі і Нямеччыны, якія ў пачатку вайны былі кінуліся, відаць, упершыню ў жыцці ў крамы па цукар і крупы, на свае ірацыянальныя паводзіны глядзяць з усмешкай.

Аднак змяншэнне зацікаўленасці еўрапейцаў тэмай вайны ва Украіне зусім не азначае таго, што справа стабілізавалася. Штодня ў Данбасе і на паўднёвых рубяжах Украіны гінуць украінскія вайскоўцы і цывільныя, кожны дзень Украіна плаціць надзвычай высокую цану за сваё жаданне жыць у незалежнай і еўрапейскай дзяржаве. І, на жаль, гэты месыдж часта не даходзіць да еўрапейскага спажыўца інфармацыі. Больш таго, Крэмль робіць усё, каб вайна ва Украіне стала фонам для звычайнага жыцця, таму намагаецца падкідваць тэмы, якія ўсё больш адводзяць увагу грамадстваў краін Захаду ад украінскай трагедыі. У гэтым звязку вельмі каштоўнымі з’яўляюцца пазіцыі эліт, якія не даюць грамадствам забыцца на тое, што свет у адным кроку спыніўся ад ІІІ Сусветнай. У прыватнасці, выклікае шчырую павагу лідар Вялікабрытаніі Борыс Джонсан, які бадай кожны дзень заяўляе, што Лондан будзе падтрымліваць Украіну, нягледзячы на падзенне цікавасці да тэмы.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ