Пра недарэчны інцыдэнт на беларуска-ўкраінскай мяжы



Следчы Камітэт Беларусі адкрыў крымінальную справу па факце апаганьвання дзяржаўнай сімволікі на беларуска-ўкраінскім памежжы. Гаворка вядзецца пра здарэнне каля вёскі Горавіца Драгічынскага раёну, дзе невядомыя абстралялі памежны слуп з выявай афіцыйнага герба. Адметна, што першымі выявілі факт абстрэлу знака ўкраінскія памежнікі, якія зафіксавалі пашкоджаны слуп на фота і паведамілі ва ўкраінскія СМІ. Акрамя гэтага, украінцы правялі на месцы здарэння агляд, згодна якому не было знойдзена гільз ад паляўнічай зброі, з якой, як мяркуецца, абстралялі слуп. На тым этапе, як сведчаць украінскія памежнікі, у беларускага боку не было ніякіх прэтэнзій да іх. Цікава, што мясцовасць, дзе здарыўся інцыдэнт, паводле сведчанняў украінцаў, практычна недаступная для пешаходаў – той участак забалочаны і зарослы хмызняком. Адзіны варыянт перасоўвання па згаданай мясцовасці – гэта лодка. Па дзіўным збегу абставін здарэнне супала па часе з правядзеннем беларуска-расейскіх вайсковых вучэнняў “Захад-2021” і таксама з чарговым паведамленнем пра адмову Кіева ад трохбаковых сустрэч па Данбасе ў Менску.

Старажытнарымскі палітычны дзеяч Касіян Лонгін Равіла, які жыў у 1 веку да Нараджэння Хрыстовага, раіў суддзям пры разглядзе злачынстваў заўжды шукаць, каму гэта выгадна. Праўнік справядліва лічыў, што такі падыход дазваляе выйсці на сапраўднага злачынцу альбо выявіць таго, хто за ім стаіць. У сітуацыі з абстрэлам памежнага слупа пры ўсім жаданні складана знайсці “ўкраінскі след”. Пра гэта сведчаць некалькі момантаў. Па-першае, не беларускія памежнікі, а іх украінскія калегі заўважылі факт пашкоджання знака, зафіксавалі здарэнне, паведамілі пра яго беларускаму боку і ў незалежныя СМІ. Такая храналогія падзей як бы ўказвае на тое, што ўкраінцы максімальна зацікаўленыя ў публічнасці і аб’ектыўным расследаванні сітуацыі. Па-другое, улічваючы тое, што расейска-ўкраінскі канфлікт у Данбасе і не думае вырашацца, а таксама далейшую мілітарызацыю Крыма, то Украіна з усіх сіл імкнецца захаваць добрыя адносіны з Беларуссю, каб мінімізаваць нават гіпатэтычныя пагрозы на поўначы. Адпаведна, правакаванне напружання на беларуска-ўкраінскім памежжы з боку Кіева, калі ўлічыць наяўнасць неабароненага кардону працягласцю ў тысячу кіламетраў, выглядала бы дзіўнай спробай самазабойства. Гэта значыць, правакацыя не можа быць выгаднай Украіне па вызначэнні. Разам з тым, улічваючы цяжкадаступнасць мясцовасці, як бы напрошваюцца дзве высновы. Першая: да здарэння могуць мець дачыненне парушальнікі мяжы, якія абстралялі пункт з хуліганскіх меркаванняў. Дадзеная версія, аднак, не здымае адказнасці з беларускіх памежнікаў, якія заяўляюць увесь час, што кожны метр беларускай мяжы пад кантролем. Другая версія патрабуе дадатковага тлумачэння. Дробны інцыдэнт, якому б не надалі вялікай ўвагі, калі б абедзьве краіны былі зацікаўленыя ў захаванні добрых адносін, мэтаскіравана раздзьмухваецца адным бокам. У такім кантэксце “абстрэл слупа” нечым нагадвае фантазійныя сюжэты на беларускім дзяржтэлебачанні пра “прарывы” мяжы баевікамі на джыпах у 2017 годзе напярэдадні Дня Волі. Што праўда, тыя спробы парушэння дзяржмяжы джыпамі пазней не пацвердзіліся, а сама гісторыя спарадзіла мноства мемаў.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ