Пра непазбежнасць і асаблівасць беларускага пратэсту



Сярод беларускіх навукоўцаў-гуманітарыяў і інтэлектуалаў раз-пораз раздаюцца галасы, якія гучаць пакуль што не надта ўпэўнена, але якія становяцца штораз гучнейшымі. Чым больш дзяржава абрынае рэпрэсій на суайчыннікаў, тым часцей некаторыя апаненты ўлады гавораць пра тое, што “лепей бы не было 2020 года”. Усе гэтыя выказванні можна аб’яднаць у фразе: “Якую краіну згубілі!” Пад той страчанай краінай маецца на ўвазе, у першую чаргу, дзяржава, у якой існавалі паралельна два сусветы: лаялістаў і апанентаў. У той рэальнасці можна было займацца бізнесам, рэалізоўваць культурніцкія і навуковыя праекты, але пры гэтым не перакрочваць “чырвоныя лініі”. Паміж лаялістамі і апанентамі знаходзілі сябе ўсе астатнія, якія прыстасоўваліся да ўмоваў. Час ад часу прадстаўнікі двух ідэалагічных полюсаў уваходзілі ў клінч, але, паколькі вялікай пагрозы для ўлады ад апанентаў раней не было, то кароткі перыяд сутычкі завяршаўся чарговай адлігай. Большасць грамадзянаў інтуітыўна разумела небяспекі, якія несла “палітыка”, таму засяроджваліся збольшага на асабістым жыцці.

З сярэдзіны 2000-х гадоў многія беларусы дасягнулі параўнальна высокага ўзроўню жыцця, разбудавалі бізнесы. Абмежаваную магчымасць уплыву на палітыку ў Беларусі яны кампенсавалі спажывецтвам і выездамі за межы дзяржавы. Але так працягвацца доўга не магло. Фармаванне спецыфічнага сярэдняга класу ў Беларусі (нацыянальнай буржуазіі), як па канонах вучэння Самуэля Хантынгтана, стала тым выклікам для афіцыйных элітаў, якія праспалі з’яўленне рэвалюцыйнай масы. У пачатку 2020 года ў Беларусі праявіла сябе цэлая праслойка людзей, якія раптам адчулі патрэбу ў пераменах. Асабліва беларускі сярэдні клас актывізаваўся ў Менску, пазней рэвалюцыйны імпульс дайшоў да рэгіёнаў. Рэвалюцыйныя запыты на перамены ўвасобілі два лідары – Віктар Бабарыка і Валерый Цапкала. Абодва прэтэндэнты не надта акцэнтавалі ўвагу на нацыянальных каштоўнасцях, гаварылі больш пра тое, што хвалявала рэвалюцыйны клас: перспектывы эканамічных пераўтварэнняў, дэмакратыю і свабоду. І на гэтую рыторыку адгукнулася беларускае грамадства, якое кінулася ў небяспечную барацьбу надзвычай самаахвярна. І вось тут “буржуазныя рэвалюцыянеры”, якія выйшлі з пратэстамі на вуліцы гарадоў, раптам адчулі патрэбу ў ідэі. І нечакана для ўлады і знешніх сілаў падхапілі лозунгі незалежнасці і нацыянальныя каштоўнасці. Так спалучыліся дзве плыні: нацыянальная і раней апалітычная буржуазія, якія ўбачылі ўзаемную карысць. Нечаканая моц і глыбіня беларускага пратэсту – вынік аб’яднання пратэстовых груп, якія да нядаўняга часу мелі мала супольнага. І менавіта гэта стала асноўным выклікам для ўлады, якая раптам аказалася ў атачэнні пратэстовай большасці. Уся афіцыйная прапаганда ўключылася напоўніцу, каб зноў унесці раскол у новую большасць, выкарыстоўваючы клішэ пра “калабарацыянісцкія сімвалы і нашчадкаў паліцаяў”.

Цікава, што новая большасць атакуецца не толькі ўладай, якая ідзе на любыя метады выключна праз інстынкт самазахавання, але і некаторымі прадстаўнікамі старой гвардыі. У іх непрыманні новай рэальнасці – шмат агульнага. І дзяржаўныя прапагандысты, і радыкальныя нацыяналісты разам выкарыстоўваюць тыя ж аргументы пра “няспеласць” новых лідараў, недальнабачнасць палітыкаў новай хвалі, здзекліва называюць прыхільнікаў пераменаў “неверагоднымі”. Але калі матыў улады зразумелы, то пазіцыя некаторых апазіцыянераў са стажам, мякка кажучы, здзіўляе.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ