Пра нерэальнасць закону аб пазбаўленні грамадзянства палітэмігрантаў



На старонках прапагандысцкага флагману “Беларусь Сёння” выйшаў тэндэнцыйны артыкул пра крымінальную адказнасць за заклікі да санкцый. Аўтары матэрыяла, аднак, не абмежаваліся канстатацыяй узмацнення адказнасці за “нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы”, а ўвогуле развілі думку да таго, што “беглых апазіцыянераў” трэба пазбаўляць грамадзянства.

Паводле аднаго з рэспандэнтаў, “людзі, якія збеглі з нашай краіны, ненавідзяць яе і сёння працуюць у інтарэсах заходніх краінаў, не павінны мець права называцца беларусамі. Магчыма, іх трэба пазбаўляць грамадзянства… У рэзультаце яны не змогуць прыехаць у Беларусь у свабодным парадку, не змогуць удзельнічаць у электаральных працэсах, грамадска-палітычным жыцці”. У гэтай цытаце трэба звярнуць увагу на некалькі момантаў. Па-першае, відавочна, улада занепакоеная тым, што не мае дзейсных рычагоў уплыву на беларускія дыяспары па ўсім свеце, якія працягваюць аказваць ціск на афіцыйны Менск. Адпаведна, імаверная магчымасць пазбаўлення грамадзянства беларускіх эмігрантаў з апазіцыйнымі поглядамі мае відавочную мэту запалохвання дыяспар. Па-другое, аўтар дадзенага выказвання жыве ў свеце дзівосных уяўленняў, калі нацыянальнасць чалавека базуецца не на ягонай біяграфіі (уласнай ідэнтычнасці, гісторыі сям’і, мове, месцы нараджэння і г.д.), а на нейкай звышсіле дзяржавы, якая нібыта здольная і ўпаўнаважаная вырашаць за індывіда пытанні нацыянальнай прыналежнасці.

У апошнім фрагменце выказвання, дзе закранаецца пытанне свабоднага перамяшчэння і магчымага абмежавання ва ўдзеле ў электаральных працэсах, увогуле можна прасачыць поўнае разыходжанне з цяперашнім беларускім заканадаўствам, у якім чорным па белым прапісана як у Законе “Аб грамадзянстве”, так і ў Канстытуцыі тое, што пазбавіць грамадзяніна грамадзянства немагчыма. Нават ва ўмовах “прававога дэфолту” падобныя прапановы гучаць надзвычай адыёзна. У выпадку перагляду некаторых нарматыўных актаў, якія дадуць уладзе права на пазбаўленне грамадзянства апанентаў рэжыму, перспектывы існавання дзяржавы пад назвай Беларусь стануць вельмі туманнымі. Больш за тое, падобныя законапраекты небяспечныя не толькі сваім цынізмам, колькі ўвогуле падрываюць асновы дзяржаўнасці. Які сэнс плаціць падаткі, выконваць шматлікія абавязкі і ўвогуле праяўляць лаяльнасць да інстытутаў улады, калі ад імя дзяржавы чалавека могуць у любы момант пазбавіць грамадзянства, тым самым растаптаўшы ягоную годнасць і жыццё?!

Гісторыя ведае некалькі прыкладаў, калі таталітарныя дзяржавы пазбаўлялі падданых грамадзянства з палітычных прычынаў. Калі ў СССР падобныя практыкі насілі адзінкавы характар і датычыліся вядомых дысідэнтаў і крытыкаў рэжыму (Нобелеўскага лаўрэата Аляксандра Салжаніцына, напрыклад), то ў нацыстоўскай Нямеччыне пазбаўленне грамадзянства было масавым. За гады існавання нацыстоўскага рэжыму грамадзянства былі пазбаўленыя, паводле розных падлікаў, да 40 тысяч чалавек, сярод якіх – пісьменнік Эрых Марыя Рэмарк, навуковец Альберт Эйнштэйн, пісьменнік Генрых Ман і мноства іншых годных людзей. Нягледзячы на розныя маштабы выкарыстання гэтага метаду, абедзьве таталітарныя дзяржавы скончылі сваё існаванне, а людзьмі, якія ў свой час падвяргаліся ганенням, ганарацца сучасныя Расея і Нямеччына. Дарэчы, адразу пасля разгрому нацыстоўскай Нямеччыны на радзіму вярнуўся сацыял-дэмакрат Віллі Брандт, пазбаўлены грамадзянства раней. Ён праз нейкі час стаў канцлерам ФРГ. На дадзены момант у Германіі дзейнічае забарона на пазбаўленне грамадзянства.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ