Пра новую ініцыятыву дэмакратычнай большасці
Святлана Ціханоўская звярнулася да беларусаў са зваротам. Напярэдадні відэатрансляцыі каманда экс-кандыдаткі спрабавала максімальна падтрымліваць інтрыгу. У анонсе гаварылася, што над важнай заявай лідарка працавала апошнія 7 месяцаў. Пра тое, што цікавасць да падзеі атрымалася падагрэць, сведчаць лічбы праглядаў. Яшчэ да пачатку трансляцыі у рэжыме чакання было каля 20 тысяч чалавек. Пасля таго, як з вуснаў Святланы Ціханоўскай прагучалі першыя словы, колькасць праглядаў расла ў разы. Што ж такога сенсацыйнага агучыла палітык?
Ціханоўская пасля кароткага ўступу перайшла да сутнасці справы. Яна заявіла пра непахіснасць курсу на мірныя перамены, якія могуць адбыцца толькі ў выніку агульнанацыянальнага дыялогу. І для замацавання сваёй пазіцыі прапанавала беларусам прагаласаваць на анлайн-платформе «Голас», якая добра сябе зарэкамендавала падчас апошніх выбараў. За лічаныя гадзіны пасля старту галасавання амаль 200 тысяч беларусаў падтрымалі прапанову Ціханоўскай і яе каманды. Тое, што раней падавалася фантастыкай, цяпер дасягаецца за пару гадзінаў. Аднак далёка не ўсе з энтузіязмам успрынялі сам факт электроннага галасавання. Песімізм у асноўным выказалі людзі, якія напалягаюць на сілавым вырашэнні канфлікту. Разбяром пазіцыю скептыкаў па парадку.
Крытыкі новай ініцыятывы Ціханоўскай хацелі бы пачуць ад яе просты рэцэпт вызвалення ад 26-гадовай дыктатуры. Але такога ў рэальным жыцці не бывае. Звычайна трансфармацыя аўтарытарнага рэжыму – гэта збег шэрагу фактараў, якім спадарожнічаюць надзвычай драматычныя падзеі. Многія, відаць, хацелі бы пачуць ад лідаркі хаця б словы пра тое, што яна абвяшчае сябе легітымным прэзідэнтам, які выносіць за межы закону ўсе ўладныя інстытуцыі афіцыйнай Беларусі. І хоць такая заява бы спадабалася многім, але каэфіцыент карыснага дзеяння ад яе быў бы нулявы. Апрача падманутых чаканняў і расчаравання ў бліжэйшай перспектыве такі крок ні да чаго бы не прывёў. Некаторыя, чакаючы выступу Ціханоўскай, пісалі ў адкрытым чаце з прыдыханнем: “Няўжо вернецца?” І сапраўды, ёсць нават у нядаўняй гісторыі прыклады, калі нацыянальныя лідары спрабавалі вярнуцца на радзіму з выгнання, разумеючы рызыкі для іх жыцця. Напрыклад, аўтарытэтны дзеяч крымскататарскага народу Мустафа Джамілеў намагаўся вярнуцца ў Крым, насуперак забаронам уладаў РФ, але справа далей штурханіны на мяжы паміж актывістамі кырымлы і расейскімі памежнікамі не пайшла. У нашым выпадку, мяркую, вяртанне Святланы Ціханоўскай сапраўды абудзіла бы палітычнае жыццё ў нейкім сэнсе, магло б стаць трыгерам да эскалацыі супрацьстаяння. Але ў сітуацыі, калі не адбылася максімальная мабілізацыя насельніцтва (хаця б на тым ўзроўні, што назіраўся ў жніўні 2020 года), пра прыезд у Беларусь думаць сэнсу не мае. Асабліва з улікам таго, што дзяржава не гарантуе мінімальнай бяспекі лідарцы прыхільнікаў пераменаў.
Канцлеру Германскай імперыі Бісмарку прыпісваюць выраз пра тое, што палітыка – гэта мастацтва магчымага. У такім сэнсе крок Святланы Ціханоўскай цалкам разумны і эфектны. Па-першае, яна вяртае сабе пяршынства ў медыйным полі. Па-другое, атрымлівае падтрымку, хоць і віртуальную, беларускага грамадства. Па-трэцяе, натхняе беларусаў на далейшы супраціў. А афіцыйным элітам дае чарговы сігнал пра тое, што перамовы непазбежныя.