Пра новую рэальнасць, у якой будуць жыць афіцыйныя дыпламаты



Партрэт у аэрапорце Руасі-Шарль дэ Голь, заступніцтва канцлера Нямеччыны Ангелы Меркель, выказванні міністраў краін ЕЗ – гэта толькі некалькі прыкладаў салідарнасці еўрапейцаў з затрыманым блогерам Раманам Пратасевічам. Як спрабуюць жартаваць на гэтую сітуацыю беларускія інтэрнаўты: “Жыццё трэба пражыць так, каб для твайго затрымання задзейнічалі вайсковую авіяцыю”. Хоць цяпер 26-гадоваму беларусу, які апынуўся ў ізалятары КДБ “Амерыканка”, зусім не да жартаў, але некалі ягоная гісторыя дакладна стане асновай якога-небудзь блокбастара.

У сучасным свеце, насуперак прароцтвам Фрэнсіса Фукуямы, дагэтуль багата аўтарытарных рэжымаў. Калі прааналізаваць сітуацыю з дэмакратыяй у ладнай частцы планеты, будучыня свабоды не падаецца такой ужо бязвоблачнай. У постсавецкіх краінах, амаль ва ўсёй Афрыцы, у некаторых дзяржавах Лацінскай Амерыкі і Азіі утрымліваюцца ў турмах багата палітычных вязняў. Некаторыя з іх, кшталту дэмакратычнай лідаркі М’янмы Аун Сан Су Чжы, у свой час станавіліся нобелеўскімі лаўрэатамі. Пасля чарговага вайсковага перавароту яна, нягледзячы на заявы падтрымкі моцных і вядомых людзей свету, працягвае знаходзіцца за кратамі.

Малады беларускі журналіст Раман Пратасевіч да нядаўняга часу быў вядомы толькі палітычна актыўным беларусам і супрацоўнікам спецслужбаў. Але цяпер ягонае няпростае для вымаўлення замежнікаў прозвішча беспамылкова згадваюць канцлеры і прэзідэнты. І, што самае галоўнае, кіраўнікі дзяржаваў і ведамстваў патрабуюць неадкладнага вызвалення маладзёна. Прычынай рашучасці еўрапейскіх палітыкаў у пытанні вызвалення Рамана з’яўляецца абурэнне спосабам затрымання палітычнага ўцекача, дзеля якога Беларусь пайшла на канфлікт з цывілізаваным светам. Колькі б арганізатары не віншавалі самі сябе з паспяховай спецаперацыяй, колькі б не пісалі пра гэта ў сваіх СМІ, аднак размяняць статус хай аўтарытарнай, але суверэннай дзяржавы на аналаг Прыднястроўя – гэта, мякка кажучы, сумнеўнае дасягненне. Праз інцыдэнт з прымусовай пасадкай летака авіякампаніі Ryanair Беларусь у вачах Захаду пераўтварылася ў дзяржаву-ізгой, якая пагражае бяспецы кантынента. Прычым гэтую небяспеку адчуваюць не толькі палітыкі, але і шараговыя грамадзяне. Адсюль і прапанова перайменаваць вуліцу, на якой знаходзіцца амбасада Беларусі ў румынскім Бухарэсце, у імя Рамана Пратасевіча. Не выключана, што ўлады многіх еўрапейскіх гарадоў, дзе знаходзяцца дыппрадстаўніцтвы Беларусі і консульскія пляцоўкі, могуць пайсці на аналагічны крок. Гэта значыць, дыпламатам Беларусі цяпер давядзецца жыць у новай рэальнасці, у якой варта забыць пра павагу да сябе. У якой няма гонару прадстаўляць дзяржаву, якая гатовая зрабіць стрэл сабе ў нагу, каб расправіцца з блогерам.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ