Пра новы кантэкст справы Паўла Шарамета
6 год таму ў цэнтры Кіева адбыўся рэзанансны тэракт, у выніку якога загінуў беларускі журналіст Павел Шарамет. У аўтамабіль, у якім пацярпелы ехаў на працу, было закладзенае выбуховае прыстасаванне. Пасля дэтанацыі выбухоўкі Павел Шарамет загінуў на месцы.
Забойства Паўла Шарамета стала сапраўдным шокам для беларускай журналісцкай супольнасці. Асабліва цяжка было ўсведамляць, што гібель аднаго з найбольш аўтарытэтных журналістаў здарылася ва Украіне, якая, у адрозненне ад Беларусі, пазіцыянавала сябе бастыёнам дэмакратыі і свабоды слова. Сапраўды, у суседняй дзяржаве да і пасля Майдану магчымасцяў і ўмоваў для працы журналістаў было куды больш, чым у большасці постсавецкіх краінаў. У гэтым сэнсе дэманстрацыйнае забойства паспяховага журналіста і тэлевядоўцы ў цэнтры Кіева і пры наяўнасці мноства сведак наштурхоўвала на змрочныя развагі. Не надавала аптымізму і млявая рэакцыя ўкраінскіх уладаў, якія ў асобе папярэдняга прэзідэнта Пятра Парашэнкі называлі расследаванне замаху “справай гонару”. Але фактычна для расследавання гучнага забойства рабілася яўна недастаткова. Прынамсі, такое складвалася ўражанне, калі ўкраінская дзяржава, маючы ў распараджэнні магутны апарат следчых і сілавікоў, так і не выйшла не сляды імаверных забойцаў беларускага журналіста.
Наступны прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі пераняў рыторыку ад свайго папярэдніка пра тое, што знайсці забойцаў — гэта справа гонару. Але вартых даверу вынікаў расследавання грамадскасць дагэтуль не дачакалася. У працэсе расследавання крымінальнай справы былі затрыманыя некалькі асобаў з шэрагу ўдзельнікаў АТО і валанцёраў. Яны нават адсядзелі пэўныя тэрміны ў следчых ізалятарах, але потым “галоўнага арганізатара”, музыку і ветэрана Андрэя Антоненку, адпусцілі пад хатні арышт. Словам, скандальнае абвінавачанне ветэранаў АТО ў забойстве Паўла Шарамета выглядала падазроным з пункту гледжання палітычнай мэтазгоднасці. У блізкіх і калег журналіста застаўся шэраг пытанняў да следства, аднак асноўным з’яўляецца меркаваны матыў забойства. У выпадку з ветэранамі АТО відавочнага і адэкватнага матыву няма.
Вайна пуцінскай РФ супраць Украіны стварыла новы кантэкст у справе Паўла Шарамета. Калі б выбітны калега быў жывы, то, няма сумневу, ён стаў бы адным з галоўных удзельнікаў інфармацыйнага супрацьстаяння з боку Украіны. Ягоныя сувязі з прадстаўнікамі расейскай журналісцкай супольнасці і афіцыйных эліт маглі б істотна папсаваць планы крамлёўскаму гаспадару. Адпаведна, у рэчышчы апошніх падзей ягоная ліквідацыя магла быць выгаднай таму боку, які рыхтаваў уварванне ва Украіну доўгія гады і на шляху якога стаялі аўтарытэтныя людзі.