Пра новы віток амерыкана-кітайскага супрацьстаяння



Адміністрацыя прэзідэнта Джо Байдэна пайшла на крок, які з’яўляецца пачаткам рэальнага супрацьстаяння з магутнай камуністычнай імперыяй КНР. Вашынгтон заявіў пра тое, што прадстаўнікі ўраду ЗША не будуць прысутнічаць на цырымоніях, звязаных з правядзеннем зімовых Алімпійскіх гульняў у Пекіне, якія маюць адбыцца ў 2022 годзе. Афіцыйнай прычынай байкоту з’яўляецца пратэст супраць генацыду уйгурскага насельніцтва ў правінцыі Сіньцзян. На гэты момант такі жэст амерыканскага кіраўніцтва з’яўляецца папярэджаннем кітайскім партыйным бонзам, услед за якім лагічным з’яўляецца паўнавартаснае байкатаванне Алімпіяды спартоўцамі ЗША. Падобны паварот падзей можа выклікаць эфект даміно, калі ў знак салідарнасці з алімпійцамі ЗША ў Кітай не паедуць зборныя іншых дэмакратычных дзяржаваў свету. На практыцы гэта прывядзе да іміджавых наступстваў кіраўніцтва Кітая, які вельмі пераймаецца сваім вобразам у вачах свайго насельніцтва і ўсёй планеты. Алімпіяда 2022 году, на якую кітайскі ўрад плануе выдаткаваць амаль 4 мільярды долараў, з’яўляецца для аўтарытарнай КНР надзвычай важным мерапрыемствам, якое дазволіла б пераканаць жыхароў сваёй дзяржавы ў правільнасці курсу, а ўсім канкурэнтам з дэмакратычнага Захаду ўцерці насы карцінкай “магутнасці новай звышдзяржавы”. У выпадку правалу Алімпіяды Пекін фактычна апынецца ў сітуацыі, калі выдаткаваныя каласальныя сродкі не дадуць патрэбнага піар-эфекту.

Што ж такога здарылася, калі лідар дзяржавы, якая з’яўляецца асноўным гандлёвым партнёрам КНР, пераходзіць да рыторыкі, да якой не наважваліся многія заходнія лідары раней? Да цяперашняга часу прадстаўнікі заходняга істэблішменту, хоць і цудоўна былі праінфармаваныя пра праблемы з правамі чалавека ў Кітаі, не асабліва рызыкавалі крытыкаваць Паднябесную. Каб пазбегнуць гневу Пекіна, прэзідэнты, канцлеры і прэм’ер-міністры нават баяліся сустрэцца з духоўным лідарам Тыбету Далай-Ламай, а тут раптам зайшлі размовы пра дыпламатычны байкот важнага для кітайцаў мерапрыемства…

Трэба сказаць, што сітуацыя з правамі чалавека ў правінцыі Сіньдзян насамрэч жахлівая. Фактычна можна канстатаваць, што камуністычныя ўлады КНР пабудавалі на ўскраіне сваёй імперыі канцлагер для 10-мільённага народу уйгураў, віна якіх — у прыналежнасці да іншай этнічнай групы і ў іх веравызнанні (уйгуры вызнаюць іслам, што выклікае асаблівы шал у кіраўніцтва атэістычнай дзяржавы). Інакш кажучы, у Сіньдзяне рэалізаваная самая жорсткая антыўтопія ў стылі Джорджа Оруэла, прычым кантроль за грамадзянамі ажыццяўляецца з дапамогай суперсучасных тэхналагічных прыстасаванняў. Аднак, нягледзячы на відавочныя праблемы з правамі чалавека ў Сіньдзяне, бадай што ўпершыню ЗША на ўзроўні прэзідэнта краіны ўзнялі гэтую тэму. Вывучаючы пытанне міждзяржаўных адносін паміж ЗША і КНР у апошнія гады, бачна, што тэма уйгураў — гэта ўсяго толькі адно са многіх звёнаў у ланцугу непаразуменняў паміж дзьвюма звышдзяржавамі. І цяперашняе абвастрэнне адносін — гэта, хутчэй, вымушаная рэакцыя амерыканскага кіраўніцтва на празмерныя апетыты Пекіна, ахвярай якіх нядаўна стаў Ганконг, а на чарзе — мяцежны востраў Тайвань.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ