Пра новы віток чачэна-інгушскага канфлікту



У бліжэйшыя месяцы, калі Крэмль не прыме меры, Маскве будзе не да постсавецкай прасторы. На Паўночным Каўказе разгараецца чарговы скандал, звязаны з Рамзанам Кадыравым, якому з кожным днём усё больш цесна ў межах сваёй рэспублікі. Правадыр Чачэніі выставіў трохдзённы ультыматум старэйшынам інгушскіх тэйпаў, у якім ён патрабуе тлумачэнняў і выбачэнняў. Фабула справы — у тым, што вось ужо цягам амаль чатырох год кіраўнік Чачэнскай рэспублікі вядзе закулісную работу па замірэнні з найбольш уплывовымі тэйпамі Інгушэціі. Гэтыя дзеянні скіраваныя на тое, каб нівеляваць канфлікт паміж дзвюма рэспублікамі, які паўстаў у 2018 годзе на фоне прэтэнзій чачэнцаў на шэраг прыпамежных тэрыторый Інгушэціі. І вось сістэмную працу Рамзана Кадырава перакрэсліў інцыдэнт з былым інгушскім чыноўнікам Ях’я Хадзіевым. Гэты інгуш прысутнічаў на адным з вяселляў, падчас якога ён цёпла павітаў кіраўніка Чачэніі і нават абняў яго ў знак сяброўства. Па вяртанні ў Інгушэцію такія дзеянні Ях’і Хадзіева былі раскрытыкаваныя ягонымі суродзічамі. На радзе тэйпу яму нават давялося прасіць прабачэння за неабачлівыя дзеянні. Даведаўшыся пра гэта, Рамзан Кадыраў выйшаў з сябе і прыгразіў інгушам: “Звяртаюся цяпер да тых правакатараў: я ў вас забраў землі, таму што не лічу вас за людзей і мужчын. І іншыя сяленні, якія засталіся, забяру, таму што вы не супакоіцеся, пакуль я гэта не зраблю”. Такія словы, што сыходзяць ад самага ўплывовага і небяспечнага чалавека ў расейскай частцы Каўказа, вядома, не могуць быць праігнараваныя ў Інгушэціі.

Напружанне паміж двума суб’ектамі РФ мае доўгую гісторыю. Але менавіта ў 2018 годзе супрацьстаянне спынілася ў адным кроку ад гарачай фазы. Усё пачалося з таго, што ў 2018 годзе нязменны Рамзан Кадыраў падпісаў незаконную дамову з тагачасным кіраўніком Інгушэціі Юнус-Бек Еўкуравым аб перадачы ў падпарадкаванне Чачэніі шэрагу адміністрацыйных адзінак Інгушэціі. Насуперак чаканням, інгушы не пацярпелі падобнага абыходжання і выйшлі на стыхійны пратэст. Акцыі былі настолькі масавымі і нечаканымі як для чачэнцаў, так і для Масквы, што некалькі месяцаў улады не ведалі, як рэагаваць на народнае абурэнне.

Дайшло да таго, што 4 кастрычніка ў сталіцы Інгушэціі Магасе сабраліся на мітынг да 10 тысяч чалавек. Гэта пры тым, што ў горадзе стала пражываюць менш за 9 тысяч чалавек. Каб зразумець маштаб пратэсту, можна ўявіць, што на акцыю ў Беларусі выйшла больш за 2 мільёны жыхароў Менска. У Магас тым часам былі ўведзеныя часткі расейскай Нацгвардыі. Пратэстоўцы агучылі тры патрабаванні да ўладаў: правядзенне пазачарговага сходу дэпутатаў Нацыянальнага сходу аб усталяванні межаў паміж Чачэніяй і Інгушэціяй, правядзенне рэферэндуму па пытанні межаў і адстаўка Еўкурава. У выніку, Еўкураў усё-такі сышоў з пасады, але Масква адназначна заняла бок Чачэніі. Лідары тагачаснага інгушскага пратэсту былі затрыманыя, частка з іх эмігравала. Зусім нядаўна аўтарытэтным інгушскім актывістам і старэйшынам за арганізацыю тых акцый далі драконаўскія тэрміны — да 9 год турмы. І вось, выглядае на тое, чачэна-інгушскі канфлікт зноў узгарэўся. Нягледзячы на скаардынаваныя дзеянні Крамля і Грознага, інгушы не забыліся на крыўду.

Кейс “чачэна-інгушскага” канфлікта цікавы тым, што гэтыя два рэгіёны, з’яўляючыся часткай Расеі, не могуць дамовіцца адносна адміністрацыйных межаў. У глыбіні непаразумення — прыхаваныя міжэтнічныя і тэрытарыяльныя прэтэнзіі, характэрныя для Паўночнага Каўказа. РФ дзесяцігоддзямі не вырашае праблемы рэгіёнаў, напампоўваючы іх грашовымі паступленнямі, але ў выніку прыйшла да сітуацыі пачатку 1990-х гадоў, калі краіна была фактычна ў адным кроку ад распаду.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ