Пра новыя сэнсы свята 23 лютага



Вядомы беларускі дызайнер Уладзімір Цэслер, які знаходзіцца некалькі месяцаў у выгнанні, павіншаваў беларусаў з Днём абаронцы Айчыны. На новай выяве майстра абыграная лічба 23, якая да нядаўняга часу ў ладнай часткі насельніцтва асацыявалася з так званым мужчынскім днём 23 лютага. Цяпер у гэтай камбінацыі лічбаў з’явіўся больш актуальны сэнс — 23.34. То бок, адпаведны артыкул Адміністрацыйнага кодэксу, якім караюць удзельнікаў мірных пратэстаў. Гэты артыкул настолькі масава ўжываецца ў апошнія некалькі месяцаў, што яго пачалі называць народным.

Аднак сёлета з лічбай 23 звязанае не толькі Цэслерава мастацкая правакацыя. Святлана Ціханоўская таксама вырашыла пагуляцца з сэнсамі, калі прапанавала адзначаць 23 лютага не як Дзень абаронцы Айчыны, а як Дзень Герояў пераменаў — у гонар людзей, якія набліжаюць дэмакратызацыю краіны. Паводле выказвання палітыка, даўно наспеў час надаць казённаму святу 23 лютага станоўчае значэнне. Гэтую прапанову Святланы Ціханоўскай беларусы ўспрынялі па-рознаму. Людзі, якія скептычна ставяцца да постсавецкіх святаў, абвінавацілі палітыка ў прафанацыі. Маўляў, такая апеляцыя да савецкага наратыву адштурхне ядро пратэснае масы. А вось карыстальнікі розных тг-чатаў ідэю ўспрынялі даволі пазітыўна. Прааналізаваўшы тэксты віншаванняў у розных супольнасцях, сапраўды дзіву даешся, наколькі народ лёгка адаптаваў свята пад сённяшнія рэаліі. У чатах медыкаў можна пачытаць, што сапраўдныя абаронцы — тыя, хто выратоўвае жыцці. Праваабаронцы віншуюць прадстаўнікоў сваёй супольнасці. Удзельнікі дваровых чатаў — мужчын, якія выходзяць на пратэсты. Словам, пэўны водгук у беларускай аўдыторыі на прапанову Святланы Ціханоўскай ёсць.

Трэба сказаць, што спроба піаршчыкаў Святланы Ціханоўскай выкарыстаць 23 лютага для таго, каб расставіць новыя акцэнты ў гэтым савецкім свяце, — не новая. Ужо некалькі год у беларускім сегменце фэйсбука гуляюць калажы з удзельнікамі антысавецкага вайсковага фармавання часоў ІІ Сусветнай “Беларускай Краёвай Абароны”, датай стварэння якой, паводле дзіўнага збегу абставінаў, з’яўляецца 23 лютага 1944 года. Аднак у выпадку з датай стварэння БКА мы маем справу з пэўнай правакацыяй, накіраванай на дэсакралізацыю самога постсавецкага свята. Зрэшты, з кожным годам першаснае значэнне 23 лютага як мілітарысцкага свята савецкай эпохі замяняецца на больш нейтральнае “свята прадстаўнікоў моцнага полу”. 23 лютага адзначаюць у асноўным мужчыны ў салідным узросце, якія неслі вайсковую службу ў часы СССР.

Навошта Святлана Ціханоўская ўвогуле выкарыстоўвае дадзеную дату? Справа ў тым, што абавязковым кампанентам паспяховай рэвалюцыі ў аўтарытарных рэжымах з’яўляецца пераход сілавікоў на бок пратэстоўцаў. Без гэтага чыну ніякія, нават самыя масавыя і гераічныя пратэсты, не могуць прынесці плёну. Беларускае грамадства пасля жніўня 2020 года зрабіла ўсё магчымае, выкарыстала ўвесь наяўны інструментар для дасягнення пераменаў, аднак сістэма не пахіснулася. З сілавога апарату сышла некрытычная колькасць функцыянераў, хоць паводле ўскосных прыкметаў, у самыя крытычныя моманты супрацьстаяння рэжым насамрэч сутыкнуўся з пагрозай калапсу сілавога блоку. Многія эксперты лічаць, што ўстойлівасць улады Аляксандра Лукашэнкі прадвызначылася лаяльнасцю людзей у форме, з якімі недапрацавалі прыхільнікі пераменаў. Адпаведна, цяперашнія звароты лідараў апазіцыі да сілавікоў — гэта імкненне выправіць свае памылкі ў справе наладжвання камунікацыі з вайскоўцамі. Можна колькі заўгодна крытыкаваць няўклюдныя спробы дэмакратычных палітыкаў па ўзаемадзеянні з сілавікамі, але без гэтых пачынанняў надзеі на перамены можна будзе адкласці ў даўгую шуфляду.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ