Пра пачатак новай эпохі ў гісторыі Казахстану
Праз паўмесяца пасля свайго знікнення з публічнай прасторы з’явіўся экс-прэзідэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў. У адмысловым відэазвароце, апублікаваным на афіцыйным канале елбасы, былы кіраўнік цэнтральнаазіяцкай краіны выступіў на казахскай і расейскай мовах. У прамове да суайчыннікаў ён выказаў спачуванні загінулым, пажадаў хуткага выздараўлення параненым. І паабяцаў, што следчыя ва ўсім разбяруцца. Выказваючыся на тэму студзеньскіх пратэстаў, былы правадыр агучыў чаканыя тэзісы пра тое, што незалежнасць Казахстану трэба берагчы як крышталёвы сасуд. Гэты выраз, яўна запазычаны ў аднаго калегі з постсавецкай прасторы, сведчыць пра тое, што кіруючы клас Казахстану і надалей намераны рабіць выгляд, што жорсткія меры па супрацьдзеянні пратэстам — гэта вымушаны крок дзеля захавання краіны. Але ў выступе Назарбаева прысутнічаюць некалькі куды больш цікавых тэзісаў, якія праліваюць святло на працэсы, што адбываюцца ва ўладных калідорах.
Сам факт з’яўлення Назарбаева на публіцы як бы пакліканы пераканаць казахстанскае грамадства і міжнародную супольнасць у тым, што чуткі пра смерць елбасы перабольшаныя. Больш за тое, былы прэзідэнт заявіў, што ён застаецца на радзіме. Адметна, што, гаворачы пра сваё месцазнаходжанне, ён не выкарыстаў нясціплую назву горада Нурсултан, проста абышоўся словам “сталіца”. Такая асцярожнасць у выбары назвы сталіцы Казахстана Нурсултану Абішавічу, як бачна на відэа, далася нялёгка. Але яму прыйшлося пайсці на гэта, каб у лішні раз не злаваць суайчыннікаў.
Другой задачай выступу было абвяржэнне здагадкі шматлікіх аналітыкаў пра раскол сярод эліт Казахстану. “З 2019 года, перадаўшы паўнамоцтвы Касым-Жамарт Такаеву, з’яўляюся пенсіянерам. Знаходжуся на заслужаным адпачынку ў сталіцы Казахстану і нікуды не з’язджаў”, — зазначыў Назарбаеў. Апрача гэтага, дадаў, што “Такаеў мае ўсю паўнату ўлады і хутка будзе абраны старшынём партыі “Nur Otan”.
Такім чынам, з’яўленне Назарбаева мае на мэце паставіць кропку ў палітычным крызісе ў Казахстане і спыніць усялякія інсінуацыі наконт “двоеўладдзя”. Фактычна елбасы публічна адрокся ад улады і перадаў лейцы кіравання свайму пераемніку, які яшчэ нядаўна выглядаў бездапаможнай і несамастойнай фігурай. Аднак пасля няўдалай рэвалюцыі, якая займела выразна антыназарбаеўскае гучанне, Касым-Жамарт Такаеў элегантна скарыстаўся сітуацыяй, каб памяняць расклад сіл і ўмацаваць свае пазіцыі. Ад сённяшняга дня, можна сказаць, пайшоў адлік новай гісторыі Казахстану (без культу асобы Назарбаева, але, як і раней, пры адсутнасці дэмакратыі).