Пра падабенства і адрозненне беларускіх пратэстаў



Вакол падзей, звязаных з Плошчай 2010 года, узнікла мноства міфаў. Асноўны з якіх – колькасць удзельнікаў. Многія журналісты на эмоцыях, распавядаючы пра маштабны пратэст у выбарчы вечар 19 снежня, паведамлялі ў свае рэдакцыі пра 50 тысяч і і болей удзельнікаў акцыі, што, вядома, было перабольшаннем. І хоць на шматлікіх фота- і відэаматэрыялах было зафіксаванае шматтысячнае шэсце, якое ўражвала масавасцю, на справе аб’ектыўная колькасць людзей, якія выйшлі пратэставаць у зімовы вечар, наўрад ці перавышала 30 тысяч. Прыблізна столькі ж дэманстрантаў было і ў 2006 годзе, калі на Кастрычніцкай плошчы на некалькі дзён паўстала намётавае мястэчка. Пратэст 2010 года, нягледзячы на ягоную масавасць, паказаў, што на той момант беларускае грамадства збольшага дыстанцыявалася ад палітыкі. Больш за тое, Аляксандр Лукашэнка меў дастаткова вялікую падтрымку сярод насельніцтва. Гэтыя фактары паўплывалі на тое, што Плошча не змагла перарасці ў нешта большае і ўвайшла ў гісторыю як адчайная спроба мужных людзей выказаць нязгоду супраць бязмежжа ўлады. Цікава, што ўдзельнікі падзей назвалі сябе “дзекабрыстамі” — на ўзор вядомага паўстання прагрэсіўнай часткі арыстакратыі ў Расейскай імперыі пачатку ХІХ стагоддзя. Асуджанасць на паразу і смеласць — вось што аб’ядноўвае няўдалае паўстанне расейскіх “дзекабрыстаў” з беларускім пратэстам у 2010 годзе.

У памяці ўдзельнікаў Плошчы 2010 года адклаліся дзве эмоцыі: эйфарыя ад шэсця ў складзе шматтысячнай калоны і роспач ад хуткага разгону на плошчы Незалежнасці. Брутальныя дзеянні сілавікоў, якія літаральна за паўгадзіны ачысцілі плошчу ад мітынгоўцаў, выклікалі шок у грамадства. Падаецца, тады многія ўпершыню задумаліся пра прыроду аўтарытарнага рэжыма ў Беларусі. Каб замацаваць перамогу, сілавікі цягам некалькіх месяцаў пераследвалі апазіцыйных актывістаў, журналістаў і дэмакратычныя НДА. І гэта адбывалася на фоне пасіўнасці маўклівай большасці, якая не асабліва сачыла за драматычнымі падзеямі.

У 2020 годзе ўладаахоўныя органы былі перакананыя, што яны змогуць паўтарыць свой поспех па зачыстцы апанентаў улады. Аднак яны пралічыліся. Па-першае, улада насамрэч у 2020 годзе не карысталася той падтрымкай сярод насельніцтва, як гэта было раней. Па-другое, альтэрнатыўныя кандыдаты, нягледзячы на ўсе перашкоды, змаглі правесці надзвычай яркую і эфектыўную кампанію. Па-трэцяе, на вуліцы гарадоў упершыню выйшлі тыя, хто ніколі раней не ўдзельнічаў у акцыях пратэсту, а ядром супраціву сталі прадстаўнікі маладога пакалення, якія за 10 гадоў адноснага спакою пасталелі і сфармавалі ў сябе дакладнае жаданне пераменаў. Маштаб акцый пратэсту ў першыя дні пасля выбараў 2020 году выклікаў паніку ў кіраўніцтва сілавых структур, якія прынялі няслушныя і памылковыя рашэнні. Спроба паўтарыць Плошчу 2010 года ва ўмовах, калі большасць грамадства выступае за перамены, яшчэ больш накаліла сітуацыю. А збіццё моладзі, якая мірным шляхам імкнулася выказаць нязгоду, абурыла ўсе слаі грамадства. Беларусы кансалідаваліся вакол ідэі непрымання гвалту і яшчэ больш пераканаліся ў тым, што ўладу неабходна мяняць. Рэкордныя акцыі пратэсту, якія па ўсёй краіне збіралі сотні тысяч дэманстрантаў, не падштурхнулі ўладу да дыялогу. Кіраўніцтва краіны зноў зрабіла фатальную памылку, калі вырашыла абаперціся ў змаганні за ўладу выключна на рэпрэсіўны апарат. І цяпер спробы ўлады абяліць свае дзеянні ў вачах незадаволенай большасці выглядаюць вельмі непераканаўчымі і няўклюднымі. Упраўленцы розных рангаў, сустракаючыся з калектывамі і грамадзянамі, выказваюць тэзісы, якія паказваюць, што кіраўніцтва краіны не арыентуецца ў бягучай сітуацыі і адарванае ад рэчаіснасці. Гэта азначае, што беларускі палітычны крызіс будзе паглыбляцца да поўнай перамогі аднаго з бакоў.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ