Пра падводныя камяні інтэграцыі
Да 20-й гадавіны з моманту стварэння так званай Саюзнай дзяржавы засталіся лічаныя дні. 8 снежня ў Маскве маюць быць узгодненыя пагадненні аб паглыбленні інтэграцыі Беларусі і Расеі. Аднак да гэтага часу, нягледзячы на ажыятаж вакол падзеі, афіцыйныя ўлады не азнаёмілі грамадскасць са зместам будучых дамоўленасцей. У адказах дзяржаўных органаў, якія дасылаюцца на імя грамадскіх актывістаў, зазначаецца, што праекты “дарожных картаў” з’яўляюцца інфармацыяй абмежаванага распаўсюду. То-бок, фактычна ўлады абмяжоўваюць грамадзянаў у праве на доступ да інфармацыі адносна будучыні іх дзяржавы.
Некаторыя чыноўнікі ў сваіх адказах акцэнтуюць увагу на тым, што баяцца няма чаго, паколькі, маўляў, новыя пагадненні не выходзяць за межы Дамовы “Аб Саюзнай дзяржаве”, ухваленай якраз у далёкім 1999 годзе. Слабое суцяшэнне, калі ўлічыць, што Дамова “Аб Саюзнай дзяржаве” па факце не прадугледжвае роўнасці суб’ектаў інтэграцыйнага ўтварэння. У прыватнасці, у тэксце пагаднення прапісаны выхад на адзіны эмісійны цэнтр, адзіную валюту і стварэнне шэрагу наднацыянальных органаў, якія, відавочна, будуць мець маскоўскую прапіску. Вельмі наіўна меркаваць, што Крэмль пагадзіцца на тое, каб падзяліцца ўладнымі паўнамоцтвамі з Беларуссю.
Рэанімацыя праекта “Саюзнай дзяржавы” адбываецца на фоне пахаладання адносін Масквы з ЕЗ, што дазваляе рабіць высновы пра тое, што для РФ крытычна важна давесці свайму грамадству поспехі на знешнепалітычным фронце. І трэба адзначыць тое, што гэтыя поспехі пажадана ажыццявіць без ускладнення дачыненняў з Захадам. У гэтым кантэксце існаванне Дамовы “Аб Саюзнай дзяржаве” ў яе цяперашнім выглядзе – гэта падарунак для рэакцыйных колаў у Расеі. Не могуць гэтага не разумець і прадстаўнікі афіцыйных беларускіх уладаў, якія намагаюцца пераключыць увагу партнёраў на тэхнічныя моманты і звесці інтэграцыю да пытанняў фармавання цэнаў на нафту і газ. Тактыку беларускай дэлегацыі можна параўнаць з паводзінамі індзейца, які, седзячы на беразе ракі, чакае, пакуль праплыве цела ворага. Аднак тое чаканне ва ўмовах посткрымскай рэчаіснасці – яўна не лепшая тактыка. У гэтым сэнсе паказальна, што рэальнымі абаронцамі суверэнітэту Беларусі становяцца структуры грамадзянскай супольнасці, якія не абцяжараныя сувязямі і абавязальніцтвамі перад Крамлём. Адметна, што на поле грамадскай актыўнасці з’яўляюцца вельмі цікавыя ініцыятывы. Сярод іх – кампанія ў падтрымку беларускай незалежнасці “Свежы вецер”, пра якую ўсё больш гавораць у грамадстве і якую апошнім часам, хай і крытычна, згадваюць афіцыйныя ўлады. Гэтая ініцыятыва ставіць уладам нязручныя пытанні, інфармуе грамадзян і ўвогуле фармуе парадак дня. Хоць да масавага руху ў падтрымку незалежнасці яшчэ далёка, але няма сумневу, што пры рэальнай пагрозе да дзейнасці кампаніі далучацца многія беларускія грамадзяне. Прадстаўнікі “Свежага ветру” справядліва гавораць, што не баяцца мець імідж алармістаў, паколькі лепей памыліцца ў негатыўным прагнозе, чым прачнуцца аднойчы ранкам у чужой дзяржаве, разумеючы пры гэтым, што нічога для абароны краіны не зрабіў.