Пра пакаранні пратэстоўцаў у ЗША і Беларусі
У ЗША завяршыўся адзін з самых рэзанансных судовых працэсаў апошняга году. 41 месяц зняволення, 36 месяцаў умоўна пад наглядам паліцыі — столькі прысудзілі ўдзельніку пратэстаў, які разам з натоўпам у некалькі тысяч чалавек узяў штурмам будынак Капітолія 6 студзеня гэтага году. Гаворка ідзе пра эксцэнтрычнага актывіста Джэйка Анджэлі Чанслі, вобраз якога запомніўся многім, хто чытаў навіны пра захоп Капітолія прыхільнікамі Дональда Трампа. Ён стаў удзячнай фотамадэллю для рэпарцёраў, якія не маглі яго абмінуць па прычыне небанальнага іміджу. Анджэлі ў той дзень надзеў на галаву футравую шапку з рагамі, а твар расфарбаваў колерамі сцяга ЗША. За свой вобраз ён займеў мянушку шаман QAnon — масавага руху, многія адэпты якога засвяціліся падчас нападу на парламенцкі цэнтр.
У выніку нападу раз’ятранага натоўпу на будынак Кангрэсу ЗША загінулі 4 чалавекі, у тым ліку паліцэйскі, некалькі дзясяткаў атрымалі цяжкія раненні, у рукі невядомых трапіла аргтэхніка і сакрэтныя файлы амерыканскіх палітыкаў. Штурм ажыццяўляўся агрэсіўнымі прыхільнікамі экс-прэзідэнта Дональда Трампа, якія для супрацьдзеяння паліцыі выкарыстоўвалі падрыхтаваныя загадзя свінцовыя трубы. Некаторыя пратэстоўцы распыльвалі ў праваахоўнікаў хімічныя рэчывы. Таксама пасля захопу Капітолія былі знойдзеныя некалькі самадзельных выбуховак. Пратэстоўцы, спрабуючы трапіць унутр будынка, выбівалі дзверы і пралазілі праз вокны. Каб забяспечыць недатыкальнасць жыццяў кангрэсменаў, спецслужбы ЗША былі вымушаныя ажыццявіць экстраную эвакуацыю. Сам герой публікацыі, шаман QAnon, таксама перажыў некалькі хвілін славы — папазіраваў перад фатографамі з кап’ём на памосце ў зале сенату. Гэтыя фотаздымкі, дарэчы, сталі папулярнымі мэмамі.
Каб дапоўніць партрэт асуджанага пратэстоўцы, дадамо некалькі фактаў. Джэйк Чанслі ў свой час служыў у амерыканскім флоце, адкуль яго звольнілі праз адмову вакцыянавацца супраць сібірскай язвы. Пазней ён спрабаваў сябе ў якасці акцёра, аднак не дасягнуў вялікіх поспехаў. У апошнія гады ён увайшоў у шэрагі сектантаў QAnon — самай маштабнай тэорыі змовы сучаснасці, прыхільнікі якой вераць у тое, што на планеце вядуць рэй сатаністы-педафілы з Дэмакратычнай партыі ЗША, выступаюць супраць каронавірусных абмежаванняў і вакцын. Для іх пазітыўным героем з’яўляецца Дональд Трамп, які быццам бы вядзе нябачную вайну з сатаністамі. Уладзімір Пуцін, зрэшты, таксама для іх саюзнік…
Такім чынам, Джэйк Чанслі, які дакладна браў удзел у гвалтоўных дзеяннях і, відавочна, прытрымліваецца поглядаў, якія нясуць пэўную пагрозу бяспецы і жыццям грамадзянаў ЗША, быў пакараны ўсяго 41 месяцам турмы. На фоне беларускай рэчаіснасці такі судовы вырак выглядае проста актам гуманізму. У Беларусі грамадзянам, якія напісалі асуджальныя каментары пра праваахоўнікаў, даюць прыблізна столькі ж. Людзей, якія не захапілі аніводнага ўрадавага будынку і заклікалі на мірны пратэст, караюць суворымі тэрмінамі. На 11 гадоў калоніі агульнага рэжыму асудзілі музыку, культарганізатарку і кіраўніцу штаба Віктара Бабарыкі Марыю Калеснікаву. Сам Віктар Бабарыка, якога нават не дапусцілі да выбарчай гонкі, быў пакараны 14 гадамі пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму са штрафам у памеры 5 тысяч базавых велічыняў, з пазбаўленнем права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў. У дадзены момант праходзіць закрыты судовы працэс над Сяргеем Ціханоўскім і Міколам Статкевічам. Пракурор запатрабаваў асудзіць апазіцыянераў на 15 гадоў турмы… Параўнанні, як той казаў, лішнія.