Пра пакутныя ўцёкі ад імперыі



Пасля пачатку маштабнай вайны супраць Украіны ў Расеі засталіся дастаткова вядомыя поп-зоркі ўкраінскага паходжання, якія гадамі зараблялі салідныя сумы, выступаючы на афіцыйных мерапрыемствах, карпаратывах і на тэлевізійных шоу. Пазіцыянуючы сябе ўкраінцамі, яны ўвасаблялі на сцэне карыкатурны вобраз дурнаватых і сквапных “хахлоў” на пацеху публікі. Па сутнасці, сакрэтам поспеху некаторых артыстаў стала ўласнае нацыянальнае прыніжэнне ў вачах шавіністаў, якія толькі і радыя былі плаціць грошы за ілюзію сваёй велічы на фоне унтэрменшаў. Толькі некаторыя селебрыці-ўкраінцы адважыліся крытыкаваць падступную агрэсію супраць роднай краіны. Адзінкі выехалі. Яшчэ менш з іх дапамагалі хоць нечым Украіне ў якасці валанцёраў, інфармацыйнай падтрымкай ці грашыма.

Зрэшты, не толькі поп-зоркі, але і сярод вайскоўцаў РФ багата людзей з украінскімі прозвішчамі. Некаторыя з іх, народжаныя ў Кіеве, у 1991 годзе прысягнулі на вернасць РФ, каб праз чвэрць стагоддзя прыйсці на зямлю сваіх бацькоў са зброяй у руках. Асобныя здраднікі з Крыму, якія прамянялі гонар на больш высокія заробкі ў 2014 годзе, былі кінутыя новымі гаспадарамі ў якасці гарматнага мяса на ўмацаваныя пазіцыі ЗСУ. Нямала этнічных украінцаў сярод вышэйшага каманднага складу цяперашняй арміі РФ, у тым ліку тыя, хто кіраваў авіяналётамі на Валынь і Жытоміршчыну, хто каардынаваў войскі ў Кіеўскай вобласці і сумнавядомай Бучы.

Украінская дыяспара ў РФ — адна з самых шматлікіх, складае каля 4 мільёнаў чалавек. Калі б хаця б 10% ад іх узгадалі свае карані і паспрабавалі штосьці зрабіць дзеля радзімы продкаў, магчыма, гэтая страшная вайна спынілася б. Аднак на практыцы мы бачым, што ўкраінская грамада РФ маўчыць. Яе голаса не тое што не чуваць, але, наадварот, многія этнічныя ўкраінцы на службе Крамля прымаюць актыўны ўдзел у агрэсіі, як, напрыклад, кіраўнічка Савету Федэрацыі, нараджэнка ўкраінскай Шапятоўкі Валянціна Матвіенка.

Чаму этнічныя ўкраінцы ваююць на баку Крамля супраць сваёй Радзімы? Адказ на гэтае пытанне ляжыць у плашчыні каштоўнасцей таго ці іншага чалавека, а таксама ягонай ідэнтычнасці. Калі ў аснове асобы — любоў да Украіны, украінскай мовы і розных іншых складнікаў цяперашняй украінскай ідэнтычнасці, то такому чалавеку ў пуцінскай Расеі, мякка кажучы, няўтульна. Калі ж чалавека з краінай паходжання звязвае толькі месца нараджэння, а сваю кар’еру ён выбудоўваў у іншай культурнай прасторы, у якой стаўленне да ўкраінскасці як самастойнай і самакаштоўнай з’явы традыцыйна варожае, то выбар відавочны. Гэтым можна патлумачыць агрэсіўнае стаўленне некаторых этнічных украінцаў з расейскімі пашпартамі да сваёй Радзімы ў цяперашні час. Па сутнасці, гэтыя людзі нават не атаясняюць сябе з Украінай, з’яўляючыся носьбітамі імперскіх поглядаў. Будучы маргіналамі і аўтсайдарамі ў сваёй культуры, яны кампенсуюць рэалізацыю сваіх амбіцый ў прасторы імперыі. Зрэшты, здрада Украіне — гэта сюжэт настолькі ж даўні, як і гісторыя трагічных узаемадачыненняў былой калоніі з метраполіяй. У вершы Тараса Шаўчэнкі “За байраком байрак” якраз апісваецца падобны выпадак, калі казакі-здраднікі вялі ўкраінцаў у якасці рабоў для турэцкага султана ў знак падзякі за падтрымку, аднак былі пасечаныя запарожцамі атамана Івана Сірко. І пазней украінская зямля адмовілася прымаць здраднікаў, асуджаных на вечныя пакуты. Нягледзячы на ўвесь трагізм сітуацыі, Украіна ўпершыню за некалькі стагоддзяў мае магчымасць вырвацца з абдымкаў крывавай імперыі, каб яе дзеці надалей не сталі катамі свайго народу.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ