Пра панічны страх дэспатаў перад свабодай слова
Змаганне са свабодай слова ў Расейскай Федэрацыі выходзіць на новы ўзровень. Пасля блакавання сацыяльных сетак Фэйсбук і Інстаграм, а таксама відэасервіса Ютуб, расейскія ўлады вырашылі пайсці на крок далей. Згодна патрабаванню генпракуратуры РФ, у бліжэйшы час ФБ і Інстаграм могуць прызнаць экстрэмісцкімі фармаваннямі.
Яшчэ пару тыдняў таму такая прапанова магла б выглядаць чыстым вар’яцтвам з улікам таго, што ў самой Расеі актыўных карыстальнікаў згаданых сацсетак дзясяткі мільёнаў. Аднак ва ўмовах вайны, якая пайшла, відавочна, не па сцэнары агрэсара, любыя крыніцы незалежнай ад Крамля інфармацыі нясуць прамую пагрозу. Тым больш, нясуць небяспеку сацыяльныя сеткі, серверы якіх знаходзяцца па-за зонай дасягу Раскамнагляду. Прырода сацыяльных медыяў такая, што дыфузія інфармацыі часта мае некантраляваны характар. А гэта, сваёй чаргой, аказвае вялікі ўплыў на фармаванне грамадскай думкі. У выпадку з вайной, якую развязала кіраўніцтва РФ ва Украіне, непажаданым кантэнтам з’яўляюцца несуцяшальныя для расейскага міністэрства абароны зводкі з фронту, згодна якім расейская армія штодня церпіць вялізныя страты. Адпаведна, публікацыя шматлікіх доказаў разбурае дазвання міф пра непераможнасць расейскага войска. Акрамя гэтага, расейскія цэнзары шалёна баяцца распаўсюду міратворчых месэджаў, якія гучаць з боку ўкраінскіх уладаў. Такая падача інфармацыі выстаўляе кіраўніцтва РФ у нявыгадным для яго святле.
Увогуле прызнанне экстрэмісцкімі фармаваннямі найбуйнейшых на планеце сацсетак, сумарная колькасць актыўных карыстальнікаў якіх дасягае амаль 5 мільярдаў зямлянаў, паказвае светапогляднае ўбоства расейскіх кіраўнікоў. Крэмль мысліць катэгорыямі сярэдзіны ХХ стагоддзя, калі намагаецца змагацца з альтэрнатыўным пунктам гледжання шляхам цэнзуры, забаронаў і рэпрэсій. Аднак такія дзеянні нічога, акрамя шкоды нацыянальным інтарэсам самой Расеі, не прынясуць. Адмаўляцца ад сацыяльных сетак у эпоху сацыяльных медыяў — гэта тое самае, як адмовіцца ад электрычнасці ў ХХ ст. Расея проста ставіць крыж на сабе як на сучаснай дзяржаве і пазбаўляе ўсялякіх перспектыў маладыя пакаленні. Закрыццё ўласнай інфармацыйнай прасторы і эканомікі ад глабальных уплываў у цяперашні час — гэта дзіўная форма самазабойства цэлай нацыі, якая адмаўляецца ад заваёваў цывілізацыі і не бачыць сябе ў будучыні. У такой жа роўна сітуацыі неўзабаве апынуцца і краіны-сатэліты РФ, у тым ліку Беларусь, калі аператыўна не дыстанцуюцца ад вар’яцкай палітыкі Крамля.