Пра папярэднія вынікі “Народнага ультыматума”
“Народны ультыматум”, які агучыла Святлана Ціханоўская, многія палітычныя аглядальнікі параўналі з экзаменам. Маўляў, калі народ не падтрымае заклікі лідаркі, то на яе палітычнай кар’еры можна ставіць тлусты крыж. Паўз суткі пасля завяршэння абвешчанага дэдлайну можна рабіць прамежкавыя высновы, ці прайшла Святлана Ціханоўская іспыт на званне нацыянальнага лідара. Нагадаем, што яна ў сваіх зваротах заклікала беларусаў распачаць страйк пратэсту, блакаванне дарог і ўзмацненне мірных акцый у выпадку, калі рэжым не выканае вельмі простыя патрабаванні: 1. Адстаўка Аляксандра Лукашэнкі; 2. Спыненне гвалту на вуліцах Беларусі; 3. Вызваленне палітвязняў. Паколькі афіцыйныя эліты не выканалі патрабаванняў, то беларускаму грамадству нічога не заставалася, як прадэманстраваць сваю гатоўнасць прытрымлівацца заклікаў лідаркі.
Калі гаварыць пра масавыя акцыі, то “Народны ультыматум”, відавочна, даў новы імпульс акцыям пратэсту па ўсёй Беларусі. Аналіз колькасці мітынгоўцаў у Менску паказвае, што акцыя 25 кастрычніка была ці не самай шматлюднай за апошнія тыдні. У рэгіёнах таксама назіраўся ўсплёск актыўнасці пратэстоўцаў. Хоць колькасць дэманстрантаў не такая вялікая, як у пік мітынгаў, які назіраўся ў сярэдзіне жніўня, аднак некаторыя абласныя і раённыя гарады змаглі нават правесці шэсці. У Гародні, Віцебску і Лідзе прайшлі досыць маштабныя акцыі пратэсту, на якіх уладаахоўнікі былі вымушаныя прымяніць сілу для разгону дэманстрантаў. У іншых абласных і раённых гарадах на цэнтральных плошчах і вуліцах таксама сабраліся людзі, якія, хоць і не змаглі арганізаваць шэсці, але адцягнулі вялікія сілы міліцыянтаў. Так што, першы пункт, працяг масавых акцый пратэсту, спрацаваў. Больш за тое, на наступны дзень, у панядзелак, у Менску марш пенсіянераў злучыўся з маршам студэнтаў, што выглядала вельмі моцна.
Пункт з блакаваннем дарог выклікае ці не найбольш дыскусій, таму што прывучаныя да парадку беларусы пакуль што не гатовыя рабіць дзеянні, якія прынясуць нязручнасці іншым грамадзянам. Аднак у Менску такія спробы мелі месца. У дачыненні да кіроўцаў, якія ў гадзіну пік спрабавалі знізіць хуткасць транспартных сродкаў, прымяняліся сілавікамі хуліганскія дзеянні: невядомыя ў балаклавах разбівалі шыбы аўтатранспарту. Пешаходам, якія выходзяць на дарогі з мэтай перакрыцця праезнай часткі, таксама дастаецца ад уладаахоўнікаў. Разам з тым, такі спосаб змагання пакуль што не знаходзіць вялікай падтрымкі ў грамадстве.
Адносна страйкаў, як і прагназавалася, на заклік Ціханоўскай адгукнуліся збольшага сталічныя флагманы прамысловасці. Таксама вельмі актыўна сябе праявілі калектывы “Гродна “Азот-у”, нафтавікі, супрацоўнікі ІТ-сектару. Але самымі заўважнымі, асабліва ў рэгіёнах, сталі прадстаўнікі малога бізнесу, то бок самай мабільнай часткі грамадства. Хоць многія з іх афіцыйна не назвалі спыненне сваёй працы страйкам, бо закрыліся на “тэхнічныя перапынкі і пераўлік”, але зразумела, што насамрэч грамадзяне выказалі сваю салідарнасць з народам, які церпіць пераслед з боку сілавікоў. Што да іншых прадпрыемстваў дзяржаўнай формы ўласнасці, то маўчанне іх калектываў абумоўленае некалькімі фактарамі, перадусім, страхам за сваю будучыню і разуменнем таго, што іх заводы і фабрыкі датуюцца дзяржавай. Разам з тым, працоўныя многіх прадпрыемстваў занялі прамежкавую пазіцыю, не пайшоўшы на адкрыты страйк, але даслаўшы калектыўныя лісты ў мясцовыя выканкамы з патрабаваннямі спыніць гвалт.
Падсумоўваючы, можна рабіць выснову, што заклік Святланы Ціханоўскай удаўся. Яна праявіла сябе лідарам, з воляй якога лічацца многія беларусы. А астатнія, хоць актыўна сябе не праяўляюць, але збольшага моўчкі падтрымліваюць. А гэта адназначна кепскі сігнал для тых, хто сябе па-ранейшаму лічыць уладай у Беларусі.