Пра паражэнчую рыторыку Уладзіміра Пуціна
Цягам дзесяцігоддзяў расейская прапаганда ўмацоўвала ва ўсім свеце міф пра непераможнасць сваёй арміі. Рэнаме “другой у свеце арміі” замацоўвалася насамрэч у супрацьстаянні з параўнальна слабымі праціўнікамі, якія маглі мала што супрацьпаставіць у плане чалавечых і матэрыяльных рэсурсаў 140-мільённай краіне. У жніўні 2008 года РФ напала на Грузію, адхапіўшы ў гэтай каўказскай краіны траціну тэрыторыі. Пазней былі ўкраінскія Крым і Данбас. Паралельна з гэтым расейскія найміты пад выглядам прыватных вайсковых кампаній удзельнічалі ў баявых дзеяннях на афрыканскім кантыненце і ў Лацінскай Амерыцы. У пачатку 2022 года Расея пад шыльдай АДКБ прадэманстравала хуткасць разгортвання ўдарных злучэнняў у Казахстане, у выніку чаго была задушаная стыхійная народная рэвалюцыя супраць клана аўтарытарнага кіраўніка Нурсултана Назарбаева. Аднак гэты пераможны рух РФ па свеце спыніўся ў лютым 2022-га, калі, дзякуючы надзвычайнаму гераізму ўкраінскіх вайскоўцаў, праваліліся планы Уладзіміра Пуціна на бліцкрыг ва Украіне. Спачатку ўкраінцы вытрымалі нечаканы і жорсткі ўдар першых дзён вайны, а потым стрымалі пуцінскую армію на стратэгічных напрамках. У далейшым Кіеў пачаў пераходзіць ад тактыкі стрымлівання да контратакі. У РФ вялікія страты ў тэхніцы і асабовым складзе ацвярозілі ўра-патрыётаў, якія пачалі больш асцярожна выказвацца пра перспектывы ваеннага паходу супраць украінскага народу.
Пуцінская Расея, хоць дагэтуль трымаецца на наркотыку ўласнай прапаганды і на рэваншысцкіх настроях насельніцтва, пачынае паступова ўсведамляць абмежаванасць сваіх рэсурсаў і страчваць веру ў перамогу. Гэтаму таксама спрыяе ўсебаковая дапамога Захада Украіне. Масква, калі пачынала сваю авантуру, вельмі разлічвала на тое, што напалоханы і раз’яднаны ЕЗ маўкліва будзе назіраць за атакай на незалежную дзяржаву. Аднак самаахвярнае змаганне ўкраінскага народу ўразіла еўрапейцаў, якія актыўна ўключыліся ў працэс падтрымкі Украіны. Цяпер ужо паведамленні СМІ пра чарговы візіт прэм’ер-міністра Канады альбо пра выступ у кіеўскім метро вакаліста U2 нікога асабліва не здзіўляе. Крэмль, нягледзячы на свае бізнес-сувязі ў Еўропе і ўплывовых лабістаў, застаўся фактычна ў міжнароднай ізаляцыі.
Уладзімір Пуцін на парадзе Перамогі ў Маскве выглядаў вельмі непераканаўчым. Ягоная прамова, па сутнасці, была вартай жалю спробай асуджанага ў гістарычнай перспектыве адзінокага і пажылога аўтакрата апраўдацца за авантуру перад сваім народам і папалохаць еўрапейскага абывацеля веліччу Расеі. Аднак на фоне ваенных няўдач РФ на ўкраінскім фронце ваяўнічая рыторыка не выклікае таго эфекту, які яна мела, скажам, у пачатку ўварвання ва Украіну, калі нават італьянскія грамадзяне кінуліся ў паніцы набываць у гіпермаркетах соль і крупы, чаго, відаць, не было з моманту ІІ Сусветнай. З руйнаваннем міфа пра расейскую непераможную армію пачынаецца зваротны адлік гісторыі пуцінскага рэжыму. У сваёй спробе апраўдацца за няўдачы Пуцін забыў нават тое, дзеля чаго ўвогуле ладзіўся ў Маскве парад 9 траўня. Асноўныя тэзісы правадыра датычыліся таго, што ён быў вымушаны пайсці на гэты крок, каб не дапусціць маштабнай вайны ў будучыні. Такія словы наўрад ці здольныя ўзняць баявы дух у войсках, якія і без таго пакутуюць ад недахопу ўцямнай матывацыі.