Пра парламенцкія выбары



Да ўлады, якая абвясціла выбары 17 лістапада 2019 года, у юрыстаў ёсць пытанні. Справа ў тым, што кадэнцыя цяперашняга дэпутацкага корпуса мусіць завершыцца толькі ў другой палове 2020 года. А паводле Канстытуцыі, датэрміновы роспуск парламента магчымы толькі па некалькіх прычынах: “Пры адмове ў даверы Ураду, выказванні вотуму недаверу Ураду або двухразовай адмове ў дачы згоды на прызначэнне Прэм’ер-міністра. Паўнамоцтвы Палаты прадстаўнікоў могуць быць таксама датэрмінова спыненыя на падставе заключэння Канстытуцыйнага Суда ў выпадку сістэматычнага або грубага парушэння палатамі Парламента Канстытуцыі”. То бок у рашэнні ўладаў правесці датэрміновыя выбары гэтай восенню назіраюцца прыкметы парушэння галоўнага закону дзяржавы. У гэтым звязку перад дэмакратычнымі сіламі паўстае дылема, ці ўдзельнічаць увогуле ў гэтай выбарчай кампаніі, паколькі ўдзел аўтаматычна легітымізуе ўвесь працэс і вынікі выбараў. Аднак, калі ўжо ставіцца да выбараў настолькі прынцыпова, то прыблізна з 1995 году, калі дзейны кіраўнік дзяржавы правёў рэферэндум па пытаннях, якія не маглі выносіцца на плебісцыт, апазіцыйныя сілы павінны былі ігнараваць усе выбарчыя кампаніі. Але гэтага не было ані ў 1996, ані ў 2001, ані ў 2004 і ў наступных гадах.

Беларускую апазіцыю, якая наступае кожны раз на адныя і тыя ж граблі, можна было б абвінаваціць у адсутнасці стратэгічнага бачання і беспрынцыповасці, але насамрэч альтэрнатывы розным формам удзелу ў выбарах, якія ладзяцца ў недэмакратычнай дзяржаве, няма. Калі б у Беларусі існаваў агульнанацыянальны рух кшталту польскай “Салідарнасці”, які б аб’ядноўваў мільёны людзей, то ўладам можна было б агучваць розныя ультыматумы альбо ўвогуле байкатаваць імітацыйныя выбары. Няма сумневу, што шырокая падтрымка грамадзянаў, якія б прыслухоўваліся да заклікаў аўтарытэтных лідараў, прымусіла б уладу рана ці позна пайсці на правядзенне справядлівых выбараў. Але ў нашай рэчаіснасці заклікі да байкоту – гэта безадказнасць і пазёрства. Больш за тое, улады ў недэмакратычных краінах насамрэч зацікаўленыя ў дэпалітызацыі выбарчага працэсу, паколькі асноўнай пагрозай іх існаванню з’яўляюцца не дзейнасць купкі ідэйных дысідэнтаў, а поствыбарчыя пратэсты шырокіх масаў. Адпаведна, усе дзеянні апазіцыйных сілаў, скіраваныя на заніжэнне выбарчай актыўнасці грамадзянаў, у тым ліку і праз імітацыю байкоту, граюць на руку ўладам.

Дарэчы, як гэта не парадаксальна гучыць, але ўлады таксама зацікаўленыя ў нізкай яўцы на выбарах. Для гэтай мэты робіцца ўсё, каб у саміх выбарцаў знікала матывацыя да ўдзелу: дапускаюцца да выбараў толькі бяспечныя кандыдаты, ствараюцца перашкоды да агітацыі, забараняюцца масавыя акцыі і гэтак далей. Дарэчы, нават прымусовы ўдзел у датэрміновым галасаванні – гэта адна з тэхналогій дэпалітызацыі электаральнага працэсу, калі выбары пачынаюць асацыявацца не з шансам на перамены, а з сумнай абавязалаўкай кшталту здачы прафсаюзных унёскаў. Такім чынам, прастора для дзейнасці ў беларускай апазіцыі надзвычай абмежаваная. Гэта разумеюць адэкватныя палітыкі і актывісты, якія ўсё роўна выкарыстоўваюць магчымасці выбараў для працы з грамадствам. Што праўда, удзел у выбарах апраўданы, калі апазіцыйныя кандыдаты насамрэч вядуць паўнавартасную гульню, а не адбываюць сумны нумар.

Слабасць недэмакратычных рэжымаў – у тым, што яны заўжды ведаюць вынікі выбараў, але ніколі не могуць спрагназаваць рэакцыю грамадства на выбарчы фарс.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ