Пра “партызанскую” стратэгію Мікалая Статкевіча
Палітычная кампанія 2020 года характарызуецца куды большай актыўнасцю апазіцыі, чым падчас так званых прэзідэнцкіх выбараў у 2015 годзе. Апазіцыйныя структуры, відавочна, ачомаліся ад разгрому пасля Плошчы 2010. Таксама прайшоў шок ад анексіі Крыма і вайны ў Данбасе, які стрымліваў частку дэмакратычных сілаў ад рашучага змагання.
У 2020 годзе можна назіраць сітуацыю, якая па сваіх прыкметах вельмі нагадвае перадвыбарчую карціну 2010 года з рытуальнымі “інтэграцыйнымі гульнямі” з Расеяй і перыядам “мядовага месяцу” з Захадам. Гэтым разам зноў мы бачым “парад кандыдатаў”. У так званых выбарах, акрамя нязменнага кіраўніка дзяржавы, збіраюцца ўдзельнічаць некалькі спарынг-партнёраў кшталту Гайдукевіча-малодшага, “канструктыўных” прэтэндэнтаў ад “Гавары праўду” і партыі “Справядлівы свет”, фрыкаў ад “Рускага свету” і кагорты апазіцыянераў, якія пагадзіліся на праймерыз. На фоне ўсіх гэтых гульцоў вылучаецца стратэгія Міколы Статкевіча, які прапаноўвае сцэнар, які ўмоўна можна назваць гульнёй не па правілах.
Прэтэндэнт ад Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Мікола Статкевіч вырашыў зламаць сцэнар выбарчых маніпуляцый. Ён не надта пераймаецца тым, што, паводле выбарчага заканадаўства, асобам з непагашанай судзімасцю ўдзельнічаць у выбарах у якасці кандыдатаў забараняецца. Мікола Статкевіч, нагадаем, адбываў пакаранне за арганізацыю масавых закалотаў у 2010 годзе. Прэтэндэнт спасылаецца на Канстытуцыю Беларусі, якая па статусе вышэй за выбарчае заканадаўства. У галоўным законе дзяржавы якраз няма згадкі пра “непагашаную судзімасць” прэтэндэнтаў на прэзідэнцтва.
У адрозненне ад калег па дэмакратычным лагеры, лідар Народнае Грамады пачаў агітацыйную кампанію на некалькі гадоў раней, прыблізна з 2017 году. На апошніх так званых парламенцкіх выбарах 2019 году прадстаўнікі БНК, зарэгістраваныя кандыдатамі, уключылі Мікалая Статкевіча ў свае ініцыятыўныя групы. Гэта дазволіла палітыку здзейсніць турнэ па Беларусі, дзе ён выступіў у 20 з нечым гарадах. Адпаведна, няцяжка прагназаваць, што ўзровень пазнавальнасці ў падпалкоўніка Статкевіча сярод беларускіх грамадзянаў, а таксама ягоная бескампрамісная рыторыка, робяць яго адным з найбольш вядомых апазіцыянераў у вачах грамадства.
Мікалай Статкевіч у інтэрв’ю “Еўрарадыё” агучыў планы на выбары 2020 года. Згодна ягонай задуме, ЦВК, калі не зарэгіструе яго ў якасці кандыдата, зробіць сам сабе балюча, паколькі ў адказ прыхільнікі Статкевіча з розных гарадоў намераныя вылучыць 30 кандыдатаў, якія будуць агітаваць супраць улады. Мікалай Статкевіч мяркуе, што ў супрацьстаянні з дзяржаўным Галіяфам не трэба пагаджацца на двубой, паколькі любая грамадская структура апрыёры слабейшая праз абмежаваныя рэсурсы і варожае асяроддзе. Ён прапаноўвае стварыць сетку лідараў масавага супраціву, якія б рыхтавалі грамадства да мірнага і працяглага пратэсту. Ключавое слова ў гэтым падыходзе – працяглы. Слабасць гэтай стратэгіі – у недастатковай каардынацыі Мікалая Статкевіча з іншымі апазіцыйнымі гульцамі. Акрамя гэтага, прамінулая парламенцкая кампанія паказала, што для БНК характэрны кадравы крызіс, калі вылучаныя на выбары ў якасці кандыдатаў прадстаўнікі гэтай структуры не карысталіся вялікай падтрымкай грамадства. Гэта было бачна па адносна малаколькасным пікетам прыхільнікаў БНК. Такім чынам, гіпатэтычна спрацаваць “партызанская стратэгія” Статкевіча можа ў тым выпадку, калі на месцах яго ініцыятыву падтрымаюць аўтарытэтныя лідары меркаванняў і ўплывовыя грамадзяне.