Пра пераслед беларускага коміка азербайджанскага паходжання



Адной з гарачых тэмаў апошніх дзён сталася рашэнне расейскіх інстанцый пра пажыццёвую забарону на ўезд беларускаму коміку азербайджанскага паходжання Ідраку Мірзалізадэ. Адзін з вядучых стэндапераў РФ абвешчаны персонай нон-грата праз неасцярожнае выказванне на адрас расейскага народу. Гэтае выказванне прагучала ў адным з шоу, у межах якога беларускі грамадзянін з каўказскімі каранямі распавядаў пра складанасці, якія ўзнікаюць у людзей неславянскага паходжання падчас пошукаў арэнднага жыцця ў Маскве. Жарт, вырваны з кантэкста, каштаваў Ідраку збіцця на вуліцы, цкавання ў афіцыйных расейскіх СМІ, 10 сутак арышту і, у рэшце рэшт, забароны на знаходжанне ў Расеі.

Сам Ідрак у шматлікіх выступах гаворыць пра сябе ў дастаткова іранічнай манеры, заўважае, што з’яўляецца талышом (нацыянальная меншасць у Азербайджане) і шыітам паводле веравызнання. Маўляў, ягоныя біяграфічныя дадзеныя пра нацыянальнасць і рэлігію заўжды чырвоным вылучае аўтаматычна WORD, як бы намякаючы пра тое, што ён не павінен быў увогуле нараджацца. У Расеі беларускі комік апынуўся абсалютна традыцыйным шляхам, паколькі ў самой Беларусі не існуе рынка забаўляльных шоу. За некалькі год працы ў Расеі ён змог дабіцца папулярнасці, згуртаваў вакол сябе супольнасць аўтараў і стэндапераў, якія не могуць сябе рэалізаваць на топавых расейскіх забаўляльных тэлеканалах.

Атака на беларускага азербайджанца з боку расейскай дзяржаўнай машыны выкліканая тым, што ён сам па сабе з’яўляецца вельмі ўдзячнай мішэнню. Па-першае, не мае расейскага грамадзянства. Па-другое, належыць да так званых неславянскіх народаў, якія ў Расеі, нягледзячы на недапушчальнасць заканадаўчай дыскрымінацыі па нацыянальнай прыкмеце, часта ў побыце сустракаюцца са знявагамі. І, самае галоўнае, у сваім крытычным маналогу ён з пункту гледжання расейскага абывацеля перакрочыў чырвоную рысу. Ідрак пажартаваў над комплексамі прадстаўнікоў рускай “тытульнай нацыі”, а не выстаўляў сябе носьбітам недарэчнай туземнай ідэнтычнасці, як гэта робяць жыхары іншых постсавецкіх краін, якія хочуць дабіцца поспеху на расейскай сцэне.

У многіх відэароліках, выкладзеных на ютуб-каналах Ідрака, часта гучаць непалікарэктныя жарты з выкарыстаннем ненарматыўнай лексікі. Але да нядаўняга часу кантэнт падобных сюжэтаў мала цікавіў дзяржаўныя органы. Такім чынам, пераслед Ідрака, да якога падключыліся галоўныя пуцінскія прапагандысты, выглядае зрэжысаваным дзеяннем, прэцэдэнтам, пасля якога расейскі аўтарытарызм выходзіць на новую стадыю жорсткасці. Калі раней рэпрэсіі з боку дзяржавы датычыліся ў асноўным незалежнай прэсы, апазіцыі і нелаяльных Крамлю грамадскіх арганізацый, то цяпер, выглядае на тое, пачынаецца зачыстка сферы забаўляльнага бізнесу. Зрэшты, іншага і быць не магло, паколькі, паводле законаў жанру, з умацаваннем дыктатуры не павінна застацца ніводнай сферы грамадскіх дачыненняў, якую б не рэгулявалі цэнзары ці спецслужбісты.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ