Пра піва з прысмакам шавінізму
Беларускі бізнес — жорсткі і бязлітасны. Настолькі жорсткі, што яму пляваць на сваіх спажыўцоў. А што, як кажуць, куды падзенешся з падводнай лодкі! Калі няма асаблівай канкурэнцыі і выбару, то не пакруціш носам. Хоць выбар усё роўна ёсць: купляць альбо не.
Гэта ад мяса ці якога сыра складана адмовіцца, але не ад піва. Асабліва калі яно па смаку нагадвае нейкую настойку на дражджах. У Беларусі так склалася, што з півам увогуле бяда. Такое адчуванне, што недзе ў прыродзе існуе гіганцкая бочка, з якой і разліваецца адно і тое ж піва для няшчаснага беларускага спажыўца. Быццам бы і бровараў шмат, быццам бы і брэндаў многа, быццам бы і гатункаў багата, але ўсё на смак — нібыта з адной бочкі.
На гэтым сумным фоне трошкі вылучалася адна марка айчыннага піва. Гэтае піва, прынамсі, варылі з больш-менш традыцыйных для пеннага напою складнікаў, а не загадкавых хмелепрадуктаў, рысавых сіропаў і разнастайных кансервантаў. Пакупнік сваім калектыўным розумам хутка гэта дапяў і набываў „Лідскае”. Усё б нічога, але кіраўніцтва кампаніі ўпарта пазбягала выкарыстоўваць на налепках і ў рэкламнай прадукцыі беларускую мову. Чамусьці пісала ўсё па-расейску. А беларускую мову не лічыла патрэбным ставіць. Спрабавалі, значыцца, звяртацца па-добраму спажыўцы да кіраўніцтва завода. Нічога не змянілася. Пачалі людзі пісаць скаргі — той жа нулявы вынік. Падалі ў суд, але і там нічога. А ў размове з журналістамі замежны дырэктар прадпрыемства патлумачыў, што для яго, як грамадзяніна Летувы, няведанне беларускай дзяржаўнай мовы — гэта нармальна. І ўвогуле, маўляў, няма сацыяльнага заказу на беларускамоўную прадукцыю. Уяўляем сітуацыю, як беларускі бізнесовец набывае нейкую галоўную летувіскую кампанію-вырабніка піва, пасля чаго ўсе налепкі друкуе па-беларуску. Фантастыка? Вядома. Хто ведае стаўленне нашых суседзяў да сваёй роднай мовы, ніколі падобнага нават у самай хворай фантазіі не ўбачыць. А ў Беларусі можна ўсё, бо любую непавагу да тытульнай нацыі можна спісаць на законам замацаванае двухмоўе. Калі мы самі сябе не паважаем, чаму гэта павінен рабіць нейкі замежнік?!