Пра праблемы расейскіх дыяспар у свеце



Прадстаўнікі расейскай абшчыны ў Берліне адхрышчваюцца ад пракрамлёўскага аўтапрабегу, які прайшоў 4 красавіка ў нямецкай сталіцы. Адзін з арганізатараў акцыі, якая абурыла як мясцовых жыхароў, так і ўкраінцаў, гаворыць, што, маўляў, аўтапрабег планаваўся для прыцягнення ўвагі да праблемы дыскрымінацыі расейцаў за мяжой, а не ў знак падтрымкі дзеянняў улады РФ. Што праўда, такія словы выглядаюць крывадушшам на фоне двухкіламетровай працэсіі дарагіх аўтамабіляў з расейскімі трыкалорамі. Некаторыя з удзельнікаў акцыі паводзілі сябе надзвычай агрэсіўна, паказвалі непрыстойныя жэсты берлінцам і апанентам, пагражалі тым, хто абураўся падтрымкай Крамля. Відавочна, “раскаянне” арганізатара акцыі выкліканае не столькі ўсведамленнем таго, што ён стаў на бок зла, а іншай прычынай. Таварышы з расейскай дыяспары забыліся пра моц грамадскага меркавання ў дэмакратычнай краіне, калі падтрымка злачыннага курсу РФ можа каштаваць ім сама меней бізнесу. У дадзеным выпадку так і сталася: абураныя карыстальнікі Інтэрнэту абвалілі рэйтынг аўтасервісу арганізатара прабегу і ўзламалі ягоны сайт, выставіўшы на тытульную старонку фотаздымкі са сведчаннямі ваенных злачынстваў у Бучы. Дайшло да таго, што арганізатар аўтапрабегу пачаў апраўдвацца. Маўляў, каб ведаў пра ахвяраў расправаў у Бучы, не займаўся арганізацыяй бы сумнеўнай акцыі. Уплыў грамадскай думкі і звязаныя з ім пытанні дзелавога іміджу — гэта аснова рынкавых адносін у дэмакратычным свеце. Калі на постсавецкай прасторы пра такія дробязі як этыка не асабліва прынята думаць, то на Захадзе даводзіцца ўсё-такі лічыцца з фактарам сацыяльнай адказнасці.

Адносна дзеянняў расейскай дыяспары ў Германіі, якая спрабавала такім няўклюдным чынам абараніць сябе ад “дыскрымінацыі”, варта сказаць, што насамрэч праблема існуе. Але яна датычыць параўнальна невялікай колькасці расейскіх грамадзянаў з дэмакратычнымі поглядамі, якія, будучы ў меншасці ў сваёй краіне, вымушаны несці цяжар адказнасці за бандыцкую палітыку ўладаў РФ. І справа нават не столькі ў сацыялагічных даследаваннях, якія ў аўтарытарных краінах часта не могуць прадастаўляць верыфікаваныя дадзеныя, колькі ў рэальнай сітуацыі, калі праціўнікі расейскага імперыялізму з ліку грамадзян РФ з’яўляюцца меншасцю. Дарэчы, яны гэта цудоўна ўсведамляюць. А што да “імітатараў”, якія прызвычаіліся дзесяцігоддзямі жыць у камфорце і карыстацца выгадамі цывілізаваных краінаў, пры гэтым падтрымліваючы расейскую ўладу, то ім якраз за Бучу, Марыупаль, Рубежнае не сорамна. Ім няўтульна, што ва ўсім свеце да рускамоўных часта сталі ставіцца негатыўна. І вось менавіта такія таварышы арганізавалі ў Берліне скандальны аўтапрабег, які абурыў нямецкіх грамадзянаў і ўкраінцаў. Калі нейкія расейцы сапраўды заклапочаныя аднаўленнем свайго сумленнага імя, як гэта ні парадаксальна, хай бяруць прыклад з беларусаў. Беларусы як унутры краіны, так і прадстаўнікі дыяспар дыстанцуюцца ад дзеянняў уладаў, дапамагаюць Украіне справай і словам. І таму нам не трэба праводзіць пафасныя аўтапрабегі, вынікі ад якіх дыяметральна супрацьлеглыя задуманаму.  

Беларускае Радыё РАЦЫЯ