Пра прычыны антыпольскай кампаніі ўладаў Беларусі



Адна з лідарак польскай меншасці ў Беларусі Анжаліка Борыс паведамляе, што адразу ў некалькіх гарадах пачаліся праверкі дзейнасці ў польскіх грамадскіх арганізацыях. Кантроль ажыццяўляюць прадстаўнікі ўсіх магчымых дзяржаўных служб: ад пракуратуры да санстанцыі. Правяраючыя спрабуюць дазнацца, ці адзначаюць дзеці, якія наведваюць “Польскую школу”, польскія нацыянальныя святы і ўвогуле навошта яны вучаць мову продкаў. Да гэтага пракуратура распачала крымінальную справу па факце “гераізацыі ваенных злачынцаў” на падставе таго, што нібыта ў адной з польскіх дзіцячых арганізацый мела месца ўсхваленне антысавецкіх партызанаў. У некалькіх дзяржаўных СМІ нават паведамлялася, што арганізатары мерапрыемства нібыта ўсхвалялі дзейнасць Рамуальда Райса “Бурага” – аднаго з правадыроў антысавецкай партызанкі, які на Падляшшы адзначыўся спаленнем шэрагу беларускіх вёсак разам з жыхарамі. Дзеля справядлівасці, прадстаўнікі польскай абшчыны і МЗС краіны-суседкі даводзяць, што ніякага праслаўлення постаці спрэчнай асобы, якой з’яўляецца “Буры”, не было. Нягледзячы на гэта, рэпрэсіўны махавік, запушчаны беларускай дзяржавай у дачыненні да прадстаўнікоў польскага руху, набірае абароты. Гледзячы па ўсім, сябрам польскіх арганізацый у Беларусі варта падрыхтавацца да сур’ёзных выпрабаванняў у бліжэйшы час.

Адносна асобы Рамуальда Райса ўжо напісана столькі навуковых і публіцыстычных прац, што людзям, якія цікавяцца пытаннем і якія імкнуцца да гістарычнай праўды, усё відавочна. Зрэшты, ёсць і рашэнні польскіх дзяржаўных структур кшталту IPN, якія ў свой час вынеслі вердыкт, што забойствы нявіннага беларускага насельніцтва некалькіх вёсак, што здзейснілі падначаленыя “Бурага”, маюць прыкметы генацыду. А пацыфікацыю беларускіх вёсак нельга параўноўваць і апраўдваць змаганнем за незалежную польскую дзяржаву. І хоць пазней родзічы і асобныя арганізацыі спрабавалі рэабілітаваць постаць адыёзнага партызанскага камандзіра, але ў польскім грамадстве няма аднаго падыходу да ацэнкі яго дзейнасці. Цікава, што ў Беларусі дзеянні Рамуальда Райса ацэнку ў кампетэнтных структурах не атрымалі, то бок ён афіцыйна не мае статуса вайсковага злачынцы. Больш за тое, з пункту гледжання цяперашніх рэалій Беласточчына, на тэрыторыі якой разгарнулася трагедыя з мірным беларускім насельніцтвам, да сучаснай беларускай дзяржавы не адносіцца. Адпаведна, прэтэнзіі дзяржаўных органаў нашай краіны выглядаюць, мякка кажучы, штучнымі.

Навошта дзяржава менавіта цяпер узняла польскую праблему? Выглядае на тое, што мы маем справу са збегам некалькіх фактараў. Па-першае, афіцыйны Менск вельмі раздражняецца з нагоды рознабаковай падтрымкі грамадзянскай супольнасці з боку Варшавы. Па-другое, улады імкнуцца паставіць на месца польскія незалежныя арганізацыі ў Беларусі, якія ўпарта гнуць сваю лінію, не жадаюць займаць нішу “дэкаратыўных палякаў”, што заяўляюць пра сябе раз на год на кандовым свяце нацыянальных культур у Гародні. Па-трэцяе, расцярушаныя і адносна малалікія прыхільнікі рэжыму маюць патрэбу ў кансалідацыі. А лепшы сродак аб’яднання – гэта наяўнасць знешняга ворага. І яшчэ, у сітуацыі прававога дэфолту ў пэўнай часткі сілавікоў са спецыфічным светапоглядам узнікае спакуса раз і назаўжды вырашыць пытанне з людзьмі, каштоўнасці і праца якіх не ўпісваецца ў іх шаблоны. У такім кантэксце атака на незалежныя польскія асяродкі – гэта спрадвечнае імкненне любой аўтакратыі да маналітнасці грамадства, якое выключае плюралізм і культурную разнастайнасць. 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ