Пра прычыны пераследу незалежных прафсаюзаў



11 красавіка бягучага году беларуская дзяржава прызнала экстрэмісцкім фармаваннем зарэгістраваную арганізацыю — незалежны прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП). Улады абмінулі працэсы пазбаўлення рэгістрацыі з боку Мінюсту, не пайшлі таксама на пазбаўленне рэгістрацыі ў судовым парадку. Рашэнне пра прызнанне экстрэмісцкім фармаваннем прымалі сілавікі з КДБ. І такі парадак дзеянняў указвае на тое, што арганізатары цкавання яўна спяшаюцца.

Зразумела, што прафсаюз РЭП быў даўно косткай у горле ўлады. Хоць у яго шэрагах не налічвалася ў апошнія гады дзясяткаў тысяч чальцоў, як тое было ў 1990-х, але гэтая структура была надзвычай эфектыўнай у апошнія гады. Асабліва тое праявілася падчас пратэстаў супраць адыёзнага прэзідэнцкага Дэкрэту “Аб дармаедах” у 2017 годзе. Юрысты і прававыя інспектары прафсаюза РЭП тады сталі народнымі адвакатамі, у некаторых гарадах да офісаў РЭП выстройваліся чэргі з ахвотных атрымаць прававую дапамогу. І тэкст петыцыі супраць Дэкрэту №3 быў складзены з дапамогай супрацоўнікаў РЭП. Толькі за гэтыя эпізоды варта было чакаць помсты з боку ўлады. Але, нягледзячы на рэпрэсіі супраць лідараў РЭП, пасля 9 жніўня 2020 года РЭП выступіў супраць гвалту сілавікоў у дачыненні да мірных дэманстрантаў. Прававы інспектар незалежнага прафсаюза Леанід Судаленка ў Гомелі асабіста правёў прыём сотняў збітых сілавікамі грамадзянаў. У наступныя месяцы праваабаронцу змясцілі ў турму па надуманых абставінах, дзе ён знаходзіцца і дагэтуль.

І вось, у сакавіку 2022 года, пачалася новая хваля рэпрэсій у дачыненні да прафсаюзных дзеячаў. 25 сакавіка пасля ператрусу дома і на офісе берасцейскай арганізацыі была затрыманая прадстаўнічка прафсаюзу РЭП Зінаіда Міхнюк. Пазней РЭП абвясцілі экстрэмісцкім фармаваннем. А 19 красавіка па ўсёй краіне пачалася аблава на прафсаюзных лідараў, некаторыя з іх былі змешчаныя ў ізалятар КДБ, лёсы большасці дагэтуль невядомыя. Чым абумоўленая атака на незалежныя прафсаюзы? З аднаго боку, кантроль над нелаяльным грамадствам патрабуе ад улады падтрыманне пастаянна высокага градусу рэпрэсій. З іншага боку, ціск на людзей, дзейнасць якіх звязаная з абаронай правоў працоўных, падазрона выглядае “прэвентыўным ударам па пазіцыях”. Справа ў тым, як заўважаюць крыніцы ва ўплывовым выданні Wall Street Journal, РФ з кожным днём набліжаецца да сітуацыі дэфолта па прычыне таго, што Крэмль не ў змозе выканаць свае абавязкі па абслугоўванні дзяржаўнага доўга. Фармальнай датай, ад якой будуць абвяшчаць дэфолт у РФ, з’яўляецца 4 траўня. Зразумела, што эканоміка Беларусі, крытычна завязаная на расейскай гаспадарцы, рызыкуе ў такім разе пайсці тым жа самым курсам, куды і флагман Чарнаморскага флоту РФ. Адпаведна, зачыстка незалежных прафсаюзаў у Беларусі вельмі падобная на супрацьдзеянне ўлады магчымым пратэстам працоўных на фоне рэзкага пагаршэння эканамічнай сітуацыі.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ