Пра прыхільнікаў і крытыкаў Віктара Бабарыкі



Трэнд сацыяльных сетак апошніх дзён – высвятленне адносін паміж беларускімі інтэрнаўтамі на глебе стаўлення да прэтэндэнта ў прэзідэнты Віктара Бабарыкі. Асоба банкіра, як аказалася, настолькі магнетычная, што не можа пакінуць абыякавымі амаль нікога.

Сапраўды, пасля прагназаванай нерэгістрацыі Міколы Статкевіча і ягонай каманды “кандыдатаў пратэсту” ў выбарчай гонцы ўдзельнічае толькі адзін чалавек, які мае добрыя арганізацыйныя здольнасці, з’яўляецца медыйнай персонай і валодае вялікімі рэсурсамі для вядзення палітычнай кампаніі. Гэта – экс-старшыня праўлення “Белгазпрамбанку” Віктар Бабарыка. За некалькі дзён пасля ягонага абвяшчэння пра намеры ісці на выбары ў ягоную ініцыятыўную групу запісалася каля 10 тысяч грамадзянаў. Спісы гэтых людзей і былі пададзеныя ў Цэнтрвыбаркам. Пасля дзейнага кіраўніка дзяржавы, у ініцыятыўнай групе якога 11 тысяч чалавек, гэта другі вынік. У выпадку Аляксандра Лукашэнкі практычна няма сумневу ў тым, што спіс фармаваўся паводле прынцыпу прыналежнасці да тых ці іншых праўладных арганізацый, такая сабе армія “мёртвых душаў”, у чым грамадзяне змогуць пераканацца ў бліжэйшыя месяцы на пікетах. Звычайна прыхільнікі ўлады не могуць і некалькіх сказаў уцямна сказаць на сустрэчах, ствараюць бачнасць удзелу ў выбарчым працэсе.

Што да ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі, тут няма сумневу адносна матывацыі грамадзянаў, якія актыўна далучаюцца да працы каманды ў спадзеве на перамены ў Беларусі. Ды і рэкрутацыя кадраў у банкіра праходзіць паводле гарызантальнай мадэлі, калі запрашэнні на ўдзел адбываюцца адкрыта і праз сацыяльныя сеткі. І гэты падыход у эпоху сацыяльных медый спрацаваў. Феномен папулярнасці наваспечанага прэтэндэнта, які, у адрозненне ад вядомых апазіцыянераў ніколі раней не выказваў палітычных амбіцый, заключаецца ў жаданні пераменаў. Пры гэтым, улічваючы характар беларускага рэжыму, які неаднаразова паказваў рашучасць у змаганні з апанентамі, многія беларусы абсалютна рацыянальна пазбягаюць лабавога сутыкнення з рэпрэсіўнай дзяржавай. Такім чынам, яны гатовыя падтрымаць альтэрнатыўнага кандыдата, але не жадаюць рызыкаваць. Таму і ўскладаюць надзею на Віктара Бабарыку, які, ва ўяўленнях многіх, можа скласці канкурэнцыю нязменнаму беларускаму кіраўніку.

Разам з тым, далёка не ўсе апазіцыйна настроеныя беларусы ўспрынялі з энтузіязмам вылучэнне Віктара Бабарыкі. Як аказалася, мала заявіць пра сваё жаданне ісці на выбары. Крытыкаў бізнесоўца ўмоўна можна падзяліць на дзве групы. Прадстаўнікі першай лютуюць, абмяркоўваючы маёмасць і прыбыткі экс-банкіра. Па сутнасці, гэтую катэгорыю людзей абурае факт, што ў Беларусі ёсць людзі, якія за чвэрць стагоддзя змаглі зарабіць вялікія капіталы і не пераймаліся ўвесь час змаганнем з антыдэмакратычным рэжымам. Другая група крытыкаў справядліва закідае Бабарыку ўхіленне ад вельмі прынцыповых адказаў кшталту стаўлення да інтэграцыі з Расеяй. Для чалавека, які прэтэндуе на прэзідэнцкую пасаду, недастаткова быць проста альтэрнатывай. Ён павінен мець канкрэтны адказ адносна знешнепалітычных прыярытэтаў. Тое ж самае датычыць пытання беларускай мовы, якая практычна ніяк не гучыць з вуснаў без пяці хвілінаў кандыдата. А жартаўлівы адказ на пытанне “Чый Крым?” – гэта ўвогуле правал у камунікацыі з патрыятычнай часткай грамадства. Выбарцы чакаюць вызначанай пазіцыі ад кандыдата, паколькі непакояцца, што ён можа быць тым самым “піліпам з канапель”, які разыграе карту прарасейскага палітыка. Але чуюць у адказ несур’ёзнае: “Крым – грэчаскі”. Дзіўнавата тое чуць ад будучага гаранта незалежнасці. Пасля анексіі Крыма і вайны на Данбасе гэтае пытанне – лакмусавая паперка на прыстойнасць і прафпрыдатнасць будучага кіраўніка дзяржавы, для якога незалежнасць – гэта пытанне, якое не абмяркоўваецца.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ