Пра прыкметы заняпаду рэжыму
Палітычны рэжым Аляксандра Лукашэнкі ўваходзіць у тэрмінальную стадыю. Як бы сказалі медыкі: у пацыента няма шанцаў. Адзінае, што могуць зрабіць прадстаўнікі афіцыйных элітаў – гэта максімальна зацягнуць імклівае падзенне. На нашых вачах руйнуецца персаналісцкая аўтакратыя, якая выбудоўвалася апошнюю чвэрць стагоддзя стараннымі высілкамі вертыкалі і адданых сілавікоў.
Прыкметамі заняпаду рэжыму з’яўляюцца структурныя праблемы ў беларускай гаспадарцы, якія не вырашаліся дзесяцігоддзямі. Уяўны дабрабыт насельніцтва забяспечваўся збольшага працавітымі і сціплымі ў сваіх патрэбах беларусамі і бясконцымі датацыямі з Расеі.
Дадатковым доказам нежыццядзейнасці сістэмы з’яўляецца таксама “прававы дэфолт”, калі для аднаго боку канфлікту дазволена ўсё, а іншых пераследуюць пры поўным ігнараванні нават юрыдычных ўмоўнасцей. Старажытнарымскі мысляр Публій Карнэлій Тацыт апісаў сітуацыю самазнішчэння дзяржавы ў знакамітым выказванні: “Чым бліжэй дзяржава да заняпаду, тым больш шматлікія яе законы”. У беларускім сучасным вымярэнні мы можам згадаць частыя праўкі ў крымінальных і адміністрацыйных кодэксах, мадыфікацыю законаў, якія рэгулююць правы грамадзян на асацыяцыі і масавыя сходы.
Дзеянні сілавікоў, якія спрабуюць задушыць народныя пратэсты, – просталінейныя і прымітыўныя. Шматгадовая негатыўная селекцыя кадраў прывяла да некампетэнтнасці аналітычных цэнтраў, якія маглі б спрагназаваць, што жорсткія і гвалтоўныя разгоны мірных дэманстрацый справакуюць такую хвалю пратэсту, што ўтрымацца на папярэдніх пазіцыях будзе немагчыма. Замест дыялогу сілавыя структуры працягваюць рэпрэсіі, змяніўшы трошкі тактыку. Цяпер актыўных пратэстоўцаў хапаюць па адным, спрабуюць ціснуць на лідараў меркаванняў і фабрыкуюць крымінальныя справы. Аднак усе гэтыя дзеянні вядуць да таго, што грамадства ўсё больш пераконваецца ў неабходнасці дэмантажу старой сістэмы.
На фоне неверагоднага ўздыму народнага духу і салідарнасці выглядаюць абсалютна бездапаможнымі шматлікія ідэолагі. Яны нічога не могуць супрацьпаставіць пратэстовай актыўнасці беларусаў. Калі прыхільнікі пераменаў сталі ладзіць рэгулярна маршы пратэсту, то такія ж паспрабавалі арганізаваць і ўлады, выкарыстоўваючы ўвесь рэсурс. Калі жанчыны сталі праводзіць жаночыя маршы, то і ўлады паспрабавалі арганізаваць нешта падобнае, аднак выглядала гэтае прапагандысцкае шоу вельмі карыкатурна. Рэзанансны марш пенсіянераў таксама паспрабавалі паўтарыць, прывозячы з усёй Беларусі ваенных і міліцэйскіх адстаўнікоў. І ўсё роўна колькасць праўладных дэманстрантаў – вартая жалю. Імітацыя і капіяванне – таксама прыкметы хуткага канцу.
І вось з апошняга: па многіх ускосных прыкметах у сталіцы на выходных мае адбыцца маштабны мітынг прыхільнікаў улады. Паступаюць сігналы з усіх рэгіёнаў, дзе адміністрацыйнымі рычагамі і бонусамі збіраюць вялікую групу падтрымкі цяперашняга кіраўніка дзяржавы. Можна не сумнявацца, што патрэбная карцінка для дзяржканалаў будзе створаная, але ў гэтую гіперрэальнасць не вераць нават самі ўдзельнікі праўладных мітынгаў.