Пра прынцыповага Дзяніса Івашына



Некалькі праўладных тэлеграм-каналаў размясцілі паведамленне пра тое, што гарадзенскага журналіста Дзяніса Івашына абвінавачваюць у здзяйсненні крымінальнага злачынства, прадугледжанага артыкулам «здрада дзяржаве». Гэтае паведамленне — адна з нешматлікіх навінаў пра аўтара гучных журналісцкіх расследаванняў, які знаходзіцца ў вязніцы ад сакавіка гэтага году. Дагэтуль сябра ліквідаванай ўладамі «Беларускай асацыяцыі журналістаў» вінавацілі ў менш цяжкім злачынстве па артыкуле «ўмяшальніцтва ў дзейнасць супрацоўнікаў унутраных справаў». Пад гэтым абвінавачаннем, хутчэй за ўсё, мелася на ўвазе рэзанансная публікацыя пра службу былых байцоў украінскага «Беркута» ў шэрагах беларускага АМАП-у. Імаверна, сілавікі спрабавалі абвінаваціць журналіста ў разгалашэнні персанальных звестак супрацоўнікаў уладаахоўных органаў. Але такая версія не вытрымлівае крытыкі, паколькі ўсе дадзеныя пра герояў публікацый журналіст браў з адкрытых крыніц, прычым асноўны масіў інфармацыі змяшчаўся на сайтах ведамстваў, да якіх мелі дачыненне экс-беркутаўцы. Такім чынам, абвінавачанне ў пашырэнні сакрэтных дадзеных не мае пад сабой аніякага грунту.

І вось амаль праз год пасля затрымання журналіста выдання «Новы Час» і рэдактара беларускай службы валанцёрскага рэсурса «Інформнапалм» праўладныя прапагандысты раптам загаварылі пра тое, што папярэдняе абвінавачанне ў дачыненні да Дзяніса Івашына перакваліфікаванае ў «здраду дзяржаве». У дадзеным выпадку, нягледзячы на сур’ёзнасць абвінавачання, якое прадугледжвае суворае пакаранне, можна зрабіць выснову пра тое, што папярэдняя крымінальная справа развалілася на стадыі правядзення следчых захадаў. Больш за тое, незгаворлівасць і прынцыповасць палітвязня, які не пайшоў на здзелку са следчымі, падштурхнула іх да стандартнага метаду ціску — абвінавачання ў больш цяжкім злачынстве. Сыходзячы з фрагментарных паведамленняў прапагандысцкіх рэсурсаў, Дзянісу Івашыну нібыта прыпісваюць ледзьве не супрацу з украінскай контрвыведкай. Дадзенае паведамленне грунтуецца на ягонай валанцёрскай працы на выведніцкі рэсурс “Інформнапалм”, які спецыялізуецца на выкрыцці праяваў гібрыднай вайны РФ супраць суседзяў. Дадзены сайт быў створаны на фоне анексіі Крыма і вайны ў Данбасе ў 2014 годзе. Паралельна з інфармаваннем уласна ўкраінскай аўдыторыі аўтары “Інформнапалму” перакладалі свае расследаванні на розныя мовы, у тым ліку на беларускую мову. Пазней беларускі грамадзянін Дзяніс Івашын стаў пісаць матэрыялы для “Інформнапалму” на тэму актуальных пагроз нацыянальнай бяспецы Беларусі. Многія з публікацый мелі вялікі розгалас у грамадстве. Ягоныя даследаванні парамілітарных прарасейскіх структур, якія дзейнічаюць на тэрыторыі Беларусі пад відам казацкіх арганізацый, па сутнасці, замянілі працу цэлых аддзелаў КДБ. Абвінавачанні Дзяніса Івашына ў “здрадзе дзяржаве” гучаць асабліва абсурдна, калі ўлічыць публічны характар яго журналісцкай работы. Чалавек, які адкрыта пазіцыянуе сябе рэдактарам беларускай службы “Інформнапалм” і падпісвае матэрыялы сваім прозвішчам, менш за ўсё падобны на шпіёна. Больш за тое, калі сыходзіць са зместу ягоных публікацый, то за некаторыя з іх Дзяніса Івашына варта было б увогуле ўзнагародзіць ад імя дзяржавы.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ