Пра прызнанне заслуг беларускага грамадства



Святлана Ціханоўская, паводле ацэнак букмекераў, уваходзіць у пяцёрку прэтэндэнтаў на атрыманне Нобелеўскай прэміі міру. Сярод асобаў і арганізацый, якія таксама могуць паспаборнічаць з беларускай за самую прэстыжную ўзнагароду ў свеце, — Сусветная арганізацыя здароўя, расейскі палітык Аляксей Навальны і экалагічная актывістка Грэта Тунберг. Безадносна ацэнкі асобаў прэтэндэнтаў трэба канстатаваць, што з’яўленне беларускага палітыка ў шорт-лісце намінантаў — вялікае дасягненне як для самой Святланы Ціханоўскай, так і для ўсяго беларускага дэмакратычнага руху.

Вылучэнне на Нобеля, якое адбылося дзякуючы прэзідэнту Літвы Гітанасу Наўседу, лідарка пратэстаў пракаментавала так: “Гэта неймаверны гонар, і я дзякую Літве за ўсю падтрымку, якую яна аказвае беларусам. Бо вылучэнне — гэта не мая заслуга, гэта дасягненне народу Беларусі, чыім мірным пратэстам захапляюцца мільёны людзей у розных краінах».

Выказванне пра высокія шансы на Нобеля як вынік сукупных высілкаў беларускага грамадства (ад шараговых дэманстрантаў да медыйнікаў) – гэта зусім не сціпласць, уласцівая беларускай прэтэндэнтцы. Яна цвяроза зазначае, што нават сам факт з’яўлення яе прозвішча ў кампаніі прэтэндэнтаў на Нобеля стаў магчымым дзякуючы беларусам і беларускам, якія самаахвярна і мірна змагаюцца за дэмакратыю ў Беларусі. Калі канкрэтызаваць, беларусы ў 2020 годзе крэатыўным і масавым пратэстам прыцягнулі ўвагу ўсяго свету да сваёй краіны. Далей поспех замацавалі журналісты, якія перадавалі “карцінкі” з месца падзей. Пазней да прасоўвання інтарэсаў беларускага грамадства далучыліся дыяспары і каманда самой Ціханоўскай. Прадстаўнікі штабу Святланы Ціханоўскай заўжды аператыўна выкладваюць справаздачы па сустрэчах лідаркі з кіраўнікамі замежных дзяржаў, на фоне чаго поспехі афіцыйнага Менска, мякка кажучы, не ўражваюць.

Але не толькі сустрэчы з Эмануэлем Макронам, Ангелай Меркель альбо Гітанасам Наўседам сведчаць пра прызнанне беларускі на найвышэйшым узроўні. З нядаўняга: Святлана Ціханоўская, падчас візіту ў Францыю, выступіла ў амфітэатры імя Эміля Бутмі Парыжскае школы міжнародных даследаванняў Sciences Po. Беларускія медыі пра гэтую падзею практычна нічога не паведамілі, распавёўшы затое пра сустрэчу лідаркі з былым прэзідэнтам Франсуа Аландам. А дарма. Sciences Po – адна з самых статусных у свеце навучальных установаў, з якой выйшлі некалькі прэзідэнтаў Францыі. Да Святланы Ціханоўскай у аміфітэатры імя Эміля Бутмі не выступаў аніводны беларус. З сусветных знакамітнасцяў на гэтай сцэне былі заўважныя генеральныя сакратары ААН, дзяржсакратары ЗША, прэм’ер-міністр Канады Джасцін Трудо і многія іншыя вядомыя і ўплывовыя людзі. Некаторыя аглядальнікі лічаць з’яўленне Святланы Ціханоўскай у Sciences Po добрым знакам у плане магчымасці атрымання Нобеля.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ