Пра пытанне легалізацыі нацыянальнай сімволікі



За апошнія некалькі гадоў беларуская грамадскасць правяла некалькі кампаній за легалізацыю нацыянальнага сцяга. Інфармацыйную хвалю ўздымалі валанцёры “Арт-сядзібы”. Пазней эстафету падхапілі сябры “Маладога Фронту” на чале са Змітром Дашкевічам, якія сабралі каля 10 тысячаў подпісаў за наданне ахоўнага статуса сцягу. У траўні месяцы 2018 года ў Менску прайшла публічная прэзентацыя законапраекта з абмеркаваннем. Дарэчы, сам праект закона напісаў выпускнік юрфака БДУ. Тэкст быў перададзены дэпутаткам Алене Анісім і Ганне Канапацкай для далейшага прасоўвання. Яны і накіравалі дакумент у некалькі міністэрстваў, якія маглі б паспрыяць у вырашэнні набалелага пытання. Міністэрства ўнутраных справаў ухілілася ад канкрэтыкі, спаслаўшыся на тое, што “ў пададзеным праекце няма нарматыўных праўных загадаў і даручэнняў”, якія непасрэдна датычацца ведамства. У Мінюсце адзначылі неабходнасць звароту ў іншыя дзяржаўныя органы, у тым ліку ў Міністэрства культуры. І вось менавіта на гэтым ведамстве кола замкнулася. У Міністэрстве культуры адказалі, як зазначае дэпутатка Ганна Канапацкая, што “пытанне не ў іх кампетэнцыі”. У прынцыпе, як і ў сітуацыі з мемарыяльнай дошкай у гонар 100-годдзя БНР, пытанне аб легалізацыі сімвалаў, якія ўвасабляюць нацыянальны наратыў, насамрэч не ў кампетэнцыі чыноўнікаў з міністэрстваў. У гэтым яны не хлусяць. Няма сумневу ў тым, што ўсе важныя рашэнні адносна лёсу нацыянальных сімвалаў прымаюцца на ўзроўні кіраўніка дзяржавы.

У прапанаваным грамадскасцю законапраекце было сфармулявана некалькі канструктыўных палажэнняў, якія маглі б мінімізаваць супрацьстаянне ў сімвалічным полі прыхільнікаў нацыянальных каштоўнасцей з носьбітамі постсавецкай ідэнтычнасці. У прыватнасці, гаворка ішла пра тое, што ў пэўных выпадках бел-чырвона-белы сцяг можна было б выкарыстоўваць на дзяржаўных мерапрыемствах нароўні з афіцыйным. Апроч таго, выявамі сцяга можа таксама было б карыстацца ў дэкаратыўных мэтах. Гэта азначае, што ў выніку ўхвалення закона градус шматгадовай барацьбы пачаў бы паступова зніжацца. Але выглядае на тое, што ўлады пакуль што не зацікаўленыя ў кампрамісе адносна гістарычных сімвалаў.

Адмова ўлады ад кансэнсуса па пытанні сімволікі можа быць патлумачаная наступным чынам. Па-першае, кіраўнік краіны, відаць, дагэтуль адчувае псіхалагічны дыскамфорт ад сімвалаў, якія асацыююцца з няпростым пачаткам ягонага прэзідэнцтва. Як мы памятаем, першыя два гады яго кіравання прайшлі пад знакам маштабных вулічных акцый пратэсту і нават спробай абвяшчэння імпічменту. У далейшым усё змаганне апанентаў з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі праходзіла менавіта пад нацыянальным сцягам і гербам “Пагоня”. Па-другое, на гэтым этапе развіцця грамадства ўлада наўрад ці мае патрэбу ў тым, каб узмацняліся нацыянальныя тэндэнцыі, паколькі гэта можа прывесці да павелічэння ўплыву апазіцыі. Па-трэцяе, не выключана, што афіцыйны Менск прымае ўсе меры, каб не раздражняць лішні раз Крэмль, які вельмі нервова рэагуе нават на мінімальныя праявы беларусізацыі. А легалізацыя сімвалаў БНР у вачах супрацоўнікаў расейскіх аналітычных цэнтраў будзе расцэньвацца як небяспечная змена ідэалагічнага курсу краіны, збліжэнне прадстаўнікоў істэблішмента і некаторых колаў нацыянальна арыентаванай апазіцыі.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ