Пра расейскі карга-культ і канфуз напярэдадні Калядаў



У Расеі прайшоў хакейны турнір “Кубак першага канала”, у фінале якога здарыўся канфуз са зборнай гаспадароў. У вырашальным матчы перамаглі фінскія хакеісты з лікам 3:2. Аднак не лічбы на табло сталі прычынай хайпу, бо фінская дружына — традыцыйна з шэрагу наймацнейшых каманд свету. Хлопцам суомі, у прынцыпе, не сорамна і прайграць, улічваючы іх заслугі ў гэтай спартовай катэгорыі. Вялікі рэзананс выклікаў не факт паразы гаспадароў, а надпісы на іх форме. Расейскія хакеісты немаведама з якой прычыны вырашылі выступіць у форме з надпісам няіснай дзяржавы “СССР”. Калі сыходзіць з драматургіі арганізаванага прапагандысцкага шоў, выглядае, расейцы імкнуліся ўсіх рашуча перамагчы, выклікаўшы з іншасвету дух памерлага СССР. Аднак энергія мартыда не спрацавала ў паядынку з лядовай дружынай фінаў.

Эпатажны выхад на лёд расейцаў у форме з надпісам СССР ды яшчэ супраць заклятых сябраў фінаў, якія памятаюць аповеды сваіх дзядуль пра зімовую кампанію Масквы супраць Хельсінкі ў 1939-1940 гг, прадказальна абурыў фінаў. У прыватнасці, былы прэм’ер Фінляндыі Аляксандр Стубб у твітары напісаў: “Здзіўлены і расчараваны тым, што Расеі дазволілі граць у швэдрах “СССР” у матчы супраць Фінляндыі. Гэтая абрэвіятура ўвасабляе аўтарытарны імперыялізм, які забіў у працэсе мільёны нявінных лбдзей… Абразлівы жэст, якому няма месца ў спорце… Тое, што Фінляндыя выйграла матч, не мае асаблівага значэння”.

Ці спрабавалі расейцы насамрэч абразіць фінаў тым, што выйшлі ў фінальным матчы ў форме з абрэвіятурай СССР? Выглядае на тое, што з нашымі ўсходнімі суседзямі згулялі злы жарт два моманты. Па-першае, яны сталі закладнікамі карга-культа — веры ў магічную сілу таго, што апрананне ў форму з надпісам “СССР” аўтаматычна зробіць іх наймацнейшай камандай свету. Па-другое, калі аналізаваць інцыдэнт сур’ёзна, у расейскім грамадстве вельмі моцныя настальгічныя настроі па камуністычнай імперыі. Згодна адносна свежаму даследаванню ВЦИОМ “30 год без СССР”, каля 70% рэспандэнтаў у той ці іншай ступені мае пазітыўныя асацыяцыі са зніклай дзяржавай. Пры гэтым, праўда, кожны пяты не змог расшыфраваць правільна абрэвіятуру СССР. Разам з тым, як мы бачым, расейскае грамадства збольшага падтрымлівае пазіцыю свайго нацлідара Уладзіміра Пуціна ў ацэнцы распаду СССР як “найбуйнейшую геапалітычную катастрофу ХХ ст.”. Адпаведна, выхад у форме з надпісам зборнай задумваўся як магутны піар-эфект, але пасля эпічнай паразы спартовым прапагандыстам РФ давялося пісаць малаўцямныя тэксты пра тое, што, маўляў, гэтая выхадка — насамрэч даніна павагі “апошняму гульцу залатой зборнай СССР па хакеі ўзору 1956 года Віктару Шувалаву, які сышоў з жыцця ў пачатку 2021 года”.

У Беларусі, зрэшты, гэты выбрык расейскіх хакеістаў наўрад ці знойдзе вялікую падтрымку. Хоць незалежная сацыялогія ў краіне абмежаваная, але ёсць некалькі адносна свежых даследаванняў, якія збольшага дэманструюць заўважныя тэндэнцыі. Скажам, у апытанні Цэнтра ўсходніх даследаванняў імя Марка Карпа, якое праводзілася ў канцы 2020 года, былі адлюстраваныя паказальныя дадзеныя. Каля 40% беларусаў перакананыя, што дзяржава павінна спасылацца на традыцыі ВкЛ. Прыхільнікаў СССР у гэтым даследаванні — каля 28%. Можна не сумнявацца, што падзеі 2021 году з безумоўнай падтрымкай Крамля афіцыйнага Менску таксама не маглі не паўплываць на стаўленне да РФ з боку беларускага народу, што, сваёй чаргой, аўтаматычна адбіваецца на зніжэнні колькасці настальгуючых па СССР грамадзянаў Беларусі. Такі працэс — заканамерны вынік 30-гадовага існавання незалежнай краіны, якая ў пошуках сваёй ідэнтычнасці стала цікавіцца гісторыяй краіны, сваімі продкамі і ўласнымі традыцыямі. Гэта вядзе да таго, што перыяд СССР усё менш успрымаецца ў вачах беларусаў як “залаты век” народу.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ