Пра расклад палітычных сілаў ва Украіне



Ва Украіне засталося менш за два тыдні да выбараў у Вярхоўную Раду. На гэты момант сацыёлагі тэрарызуюць украінскіх выбарцаў разнастайнымі даследаваннямі, якія паказваюць рэйтынгі і працэнты падтрымкі тых ці іншых партый. Адныя вынікі апытанняў паказваюць фіяска партыі “Еўрапейская салідарнасць” былога прэзідэнта Пятра Парашэнкі. Іншыя акцэнтуюць увагу на поспеху новай палітычнай сілы – партыі “Голас”, на чале якой вядомы поп-спявак Святаслаў Вакарчук. Але ва ўсіх без вынятку сацыялагічных даследаваннях ёсць агульныя моманты: упэўненая перамога партыі ўлады “Слуга народу” і магчымы рэванш экс-рэгіяналаў з “Апазіцыйнай платформы”.

За партыю “Слуга народу”, калі верыць сацапытанням, гатовыя прагаласаваць ад 42% да 51% выбарцаў. За адноўленых “рэгіяналаў” – да 15%. Абедзьве гэтыя палітычныя сілы ў перадвыбарчай агітацыі акцэнтуюць увагу на неабходнасці тэрміновага вяртання да мірнага жыцця. Калі прадстаўнікі “Слугі Народа” асцярожнічаюць у выказваннях, прытрымліваючыся праўкраінскай рыторыкі, то кандыдаты ад “Апазіцыйнай платформы” ледзьве не гатовыя ўжо заўтра на прымірэнне з РФ на любых умовах. У любым разе на гэтым этапе, калі кантроль украінскай дзяржавы не распаўсюджваецца на Крым і частку Данбасу, такі высокі ўзровень падтрымкі “пацыфісцкіх” партый з’яўляецца сігналам таго, што ладная доля грамадства перастала бачыць пагрозу страты незалежнасці, убаюкалася рэаліямі мірнага жыцця, забяспечанага перыядам кіравання папярэдняга прэзідэнта.

З іншага боку, украінскія праеўрапейскія і нацыяналістычныя сілы расцярушылі свой ядзерны электарат, які на апошніх прэзідэнцкіх выбарах падтрымаў у другім туры Пятра Парашэнку. Цяпер 25% патрыятычных сілаў размеркаваліся прыблізна ў роўнай прапорцыі паміж прыхільнікамі партый “Еўрапейская салідарнасць”, “Голас”, “Бацькаўшчына”, партыі Ігара Смяшко “Сіла і гонар” і яшчэ некалькіх палітычных карузлікаў. Такім чынам, няцяжка прагназаваць, што цяперашняя ўлада можа замацаваць свой поспех, правёўшы ў Вярхоўную Раду ці не палову дэпутацкага корпуса. Калі ж яны даб’юцца большага, то перад Украінай паўстане рызыка вяртання да рэжыма, па ўсіх прыкметах падобнага да позняга “кучмізму”. Пры кіраванні колішняга прэзідэнта Леаніда Кучмы выбары пераўтварыліся ў інструмент самалегітымізацыі, а ўсе галіны ўлады былі падкантрольныя кіруючай групоўцы. Выглядае на тое, што Україна – у адным кроку ад усталявання аўтарытарнага рэжыма, якому не будзе супрацьвагі.

Адметна, што былыя рэгіяналы са спісу партыі “Апазіцыйная платформа” не бачаць для сябе ніякай пагрозы ў наяўнай палітычнай сітуацыі. Наадварот, калі прааналізаваць выступы экс-рэгіяналаў і іх актыўнасць, складваецца ўражанне, што яны разглядаюць цяперашнюю ўладу ў якасці сітуацыйных саюзнікаў, якія дапамогуць ім вярнуць страчаны ў выніку драматычных падзей Рэвалюцыі Годнасці ўплыў. Хоць пакуль што рана гаварыць пра рэванш былых рэгіяналаў, але прыкметы вяртання ва ўладу людзей з атачэння Віктара Януковіча ёсць. Тыя, хто да нядаўняга часу не надта выказваліся, пачалі нават гаварыць пра звядзенне рахункаў са сваімі апанентамі з цяперашняга складу Вярхоўнай Рады.

У любым разе ўкраінскаму народу, які за апошнюю пяцігодку перажыў цяжкія выпрабаванні ў выглядзе рэвалюцыі і вайны за тэрытарыяльную цэласнасць, давядзецца прайсці іспыт на палітычную спеласць. І, у адрозненне ад беларускай сітуацыі, украінцы пакуль што не страцілі ўсе механізмы кантролю за ўладай, якая, нягледзячы на электаральны поспех, усё адно будзе вымушаная дзейнічаць з аглядкай на патрыятычныя і праеўрапейскія сілы, дзясяткі тысяч ветэранаў вайны на Данбасе і сілавікоў, паўтара мільёна ўцекачоў, бізнесоўцаў і на пакуль што пазасталыя свабодныя СМІ.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ