Пра расплату за маўчанне



У апошнія дні некаторыя ўкраінскія гарады разрываюць партнёрскія адносіны з беларускімі. Адпаведныя заявы змяшчаюцца на афіцыйных старонках гарадскіх радаў. У асобных дакументах ўтрымліваюцца фармулёўкі, далёкія ад мовы дыпламатыі, што, у прынцыпе, зразумела. Прычым аўтары зваротаў не асабліва стрымліваюць сябе ў выказваннях, якія адрасуюцца не толькі ўладам, але і ўсяму беларускаму народу. Напрыклад, гарадская рада курортнага Міргараду, які заўжды раней гасцінна адчыняў свае дзверы беларускім турыстам, прама паведамляе: “Не прабачым здраду беларускаму народу! Міргарадская гарадская рада разрывае дамову пра партнёрства з Рэчыцай і Смалявічамі”.

У лісце дэпутаты пішуць вельмі крыўдныя для нас рэчы: “Віднині вважаємо вас своїми кровними ворогами (…) Білорусь, відповідно до міжнародних норм, така сама країна-агресор, як і Росія. Білоруси ніколи не змиють цю ганьбу і кров наших дітей зі своїх рук. Після нашої Перемоги ми не пробачимо зраду білоруського народу”… Як бы нам ні прыкра было тое чытаць, але факт пагаршэння стаўлення ўкраінцаў да ўсяго беларускага народу відавочны. І колькі б мы не спрабавалі тлумачыць людзям, якія гінуць пад бомбамі і ракетнымі абстрэламі, што многія беларусы на баку Украіны, цяпер нас асабліва не чуюць. Украінцы смяротна пакрыўджаныя тым, што беларуская тэрыторыя выкарыстоўваецца ў якасці плацдарму да нападу. Зрэшты, грамадзяне Украіны, якія самааддана бароняць сваю краіну ад агрэсара, і не павінны разбірацца ў нюансах беларускай унутрыпалітычнай сітуацыі. Зразумела, што ім цяжка дагэтуль ставіць знак роўнасці паміж агрэсарамі з РФ і жыхарамі Беларусі, але з кожным днём усё менш магчымасцей для вяртання сяброўскіх адносін між нашымі народамі. І гэта трэба ўсведамляць усім, хто ў будучыні будзе кантактаваць з украінцамі. Яны не абавязаныя і не будуць слухаць нашыя мантры пра тое, што ў 2020 годзе Украіна праігнаравала наш боль…

Інстытут гарадоў-пабрацімаў адносіцца да так званай парадыпламатыі, якая ў вялікай ступені збліжае насельніцтва розных краінаў і ўзмацняе гарызантальныя стасункі паміж людзьмі. У кантэксце вайны ва Украіне вельмі цікавая гісторыя з’яўлення з’явы “гарады-пабрацімы”. У 1944 годзе жыхары горада Ковэнтры ў Вялікабрытаніі падрыхтавалі для жыхароў Сталінграду абрус, на якім вышылі імёны некалькіх сотняў жанчын Ковэнтры і мэра Эмілі Сміт. На гэтым абрусе былі словы “Лепей маленькая дапамога, чым вялікае спачуванне”. Абрус з сабранымі грашыма на аднаўленне Сталінграду быў адпраўлены ў СССР. Зразумела, што ў сітуацыі, калі нашая тэрыторыя выкарыстоўваецца сама меней для транзіту варожае тэхнікі, любыя размовы пра “пабрацімства” выглядаюць крывадушшам. Таму, колькі б не хавалі галовы ў пясок так званыя мэры беларускіх Рэчыцы і Смалявічаў, факт застаецца фактам: пра гарады-пабрацімы і ўсё што ім спадарожнічае варта надоўга забыцца. Хаця б таму, што кіраўнікі беларускіх гарадоў прамаўчалі.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ