Пра разрыў пупавіны рускага року
У 1990-я гады рускі рок асацыяваўся з гадаванцамі ленінградскага “Рок-Клуба”, які існаваў у перыяд Перабудовы. Характэрнымі рысамі ўдзельнікаў піцерскага андэграўнду былі: непрыманне афіцыйнай ідэалогіі, антываенныя зместы песень, высмейванне савецкіх шаблонаў паводзінаў, прыхільнасць альбо перайманне заходняга ладу жыцця. Словам, расейскія рокеры ўзору канца 1980-х уяўлялі сабой нетыповых людзей у шэрым савецкім грамадстве. Іх яркасць і непрыманне рэчаіснасці, навязанай кампартыяй, выклікалі сімпатыю ў заходніх журналістаў. Калі ў савецкім грамадстве пашырыліся прадэмакратычныя настроі, некаторыя рокеры, якія спявалі збольшага пра ўнутраную свабоду, раптам аказаліся трыбунамі палітычных пераменаў. Такая метамарфоза адбылася, напрыклад, з Віктарам Цоем і яго групай “Кіно”. Некаторыя песні Цоя падхапілі дзясяткі мільёнаў чалавек і зрабілі іх гімнамі эпохі.
У першае дзесяцігоддзе пасля распаду СССР практычна ўсе нефармалы з постсавецкай прасторы аглядаліся, за рэдкім выняткам, на постаці такіх тытанаў расейскай рок-сцэны, як Вячаслаў Бутусаў з “Nautilus Pompilius”, Юрыя Шаўчука з “ДДТ”, Барыса Грабеншчыкова з “Акварыўма” і іншых лідараў рускамоўнага року. Аднак любоў да гэтых творцаў збольшага была абумоўленая інэртнасцю постсавецкіх людзей, якія не паспявалі за грамадска-палітычнымі трансфармацыямі. Самі ж музыканты, якія бачылі сябе ў сітуацыі ўмоўнага супрацьстаяння з аўтарытарнай сістэмай, разгубіліся і пачалі шукаць сябе наноў. Нехта, як Вячаслаў Бутусаў, увогуле страціў папулярнасць. Юрый Шаўчук, каб не знікаць, абвясціў крыжовы паход на безгустоўную папсу.
Беларуская рок-сцэна ў 1990-я была ў меншай ступені запатрабаванай шырокай публікай праз тое, што на дзяржаўным ТБ і нешматлікіх радыёстанцыях FM-дыяпазону творчасць тутэйшых рокераў лічылі нефарматам. Пераважна па прычыне выкарыстання імі роднай мовы. Прыхільнікі беларускай рок-музыкі ў асноўным паходзілі з сем’яў творчай інтэлігенцыі ці былі ўдзельнікамі антылукашэнкаўскіх маладзёвых палітычных структур. Можна сказаць, кантэнт рускіх рокераў дамінаваў у культурнай прасторы, на ім вырасла не адно пакаленне беларусаў.
У 2000-х гадах сітуацыя стала мяняцца. Беларусы, хоць і працягвалі слухаць рускі рок, але ўсё больш звярталі ўвагу на сваіх выканаўцаў. За наступныя 20 год сфармаваліся цэлыя супольнасці ў Беларусі, якія цэняць сваю рок-музыку, вытокі якой — у гуртах, якія слухалі заходнія матывы і стваралі ўласны сусвет, арыентуючыся на больш якасныя ўзоры і першакрыніцы. У апошнія гады (да падзей 2020) стала нормай, што на канцэрты беларускіх спевакоў сталі прыходзіць сотні, калі не тысячы слухачоў. А мясцовыя кліпы набіралі сотні тысяч праглядаў. Разрыў з пупавінай рускага року ў беларусаў стаў адбывацца па натуральнай прычыне асобнага існавання расейскага і беларускага грамадстваў. Тэндэнцыя стала незваротнай: рускі рок у Беларусі стаў чужаснай з’явай. Але ў самой Расеі, як аказваецца, рокеры яшчэ жывыя. Праўда, большасць з іх, так і не знайшоўшы сябе з часоў Перабудовы, сталі праваднікамі шавінізму. Таму абсалютна чакана той жа Саша Іваноў з гурта “Ронда”, які спяваў мілыя песні пра старых сяброў, раптам падтрымаў расейскую агрэсію ва Украіне. А Юлія Чычэрына, аўтарка хіта “У галаву надзьмула”, надзела каску і паехала агітаваць за вайну ў Данбас. І толькі адзінкі расейскіх рок-спевакоў першай велічыні ўзвысілі галасы супраць вайны. Праўда, асноўным у эміграцыі. Юрый Шаўчук, які да апошняга нясмела выказваўся пра вайну, адмовіўся выходзіць у Цюмені на сцэну, упрыгожаную сімвалам новага фашызму — літарай Z. Цяпер можна чакаць, што гастролі ягонага гурта ў РФ скончацца.